ВІЦЕБСК, 26 жні - Sputnik. Перакрытыя вуліцы горада на Дзвіне, дзяўчаты, танцуючыя на даху аўто, і бясконцы намець аўтамабіляў... Sputnik пабываў на віцебскім этапе рэспубліканскіх аўтагонак "Спартсмены за бяспеку дарожнага руху - 2019".
Традыцыйная гонка ў новым фармаце
"Спартсмены за бяспеку дарожнага руху" - рэспубліканская гонка, якая праходзіць у Беларусі ўжо ў сямнаццаты раз. Мерапрыемства падзелена на сем этапаў, кожны з якіх арганізуюць у новым горадзе.
"Мы праводзім гонку ўжо 17 гадоў запар. Асноўная мэта мерапрыемства - паказаць гледачам магчымасці кіравання аўтамабілем. А пачыналася ўсё ў 2003 годзе, калі я, будучы прэзідэнтам Федэрацыі аўтаспорту, прыйшоў да начальніка рэспубліканскай ДАІ і прапанаваў зладзіць сумесную акцыю па абмене вопытам паміж супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі і кіроўцамі", - распавёў Sputnik кіраўнік і арганізатар гонак "Кіроўцы за бяспеку дарожнага руху" Анатоль Шаўчэнка.
У першых заездах прымалі ўдзел супрацоўнікі ДАІ і падраздзялення "Страла". Па словах арганізатараў, трасы ў гонках ніколі не паўтараюцца, заўсёды прыдумляецца нешта новае. У гэтым годзе мерапрыемства змянілася моцна, і яго пачалі праводзіць у фармаце джымханы.
Джымхана прыйшла з Японіі, але папулярная таксама ў ЗША, Паўднёвай Афрыцы і Вялікабрытаніі. Трасы ў гэтым выглядзе гонак вельмі складаныя, іх запамінанне - адна з найважнейшых частак гэтага віду спорту. Адна з адметных рысаў джымханы - вялікая колькасць разваротаў на 360 градусаў, якія трэба выконваць на хуткасці.
"Дзякуючы новаму фармату хуткасць і відовішчнасць гонак узрасла, а гэта, у сваю чаргу, нашмат цікавей для гледачоў", - растлумачыў Шаўчэнка.
Але і машыны падчас заездаў сталі часцей ламацца. Так, за два дні спаборніцтваў у Полацку і Віцебску некаторыя гоншчыкі прымудраліся ламаць па некалькі машын.
"У новага фармату нашмат больш патрабаванняў не толькі да аўтамабіляў, якія даводзіцца дбайней дапрацоўваць, але і да спартсменаў: трэба пераглядаць тактыку кіравання", - распавёў гоншчык з Віцебска Аляксей Шандзюкоў, які заняў трэцяе месца ў заліковай групе R1.
Яго словы пацвердзіў і пераможца гэтай групы мінчанін Аляксандр Цэдрык, дадаўшы, што віцебская траса была яшчэ больш-менш хуткаснай. У Полацку, напрыклад, павароты і развароты былі праз кожныя 20-30 метраў, у выніку чаго гоншчыкам даводзілася ўвесь час мяняць траекторыю руху і перабудоўвацца.
Такая траса прымушае ўвесь час быць сканцэнтраваным, запамінаць маршрут, адпаведна, пілот нашмат мацней стамляецца. З іншага боку, такія спаборніцтвы цікавей і для кіроўцаў.
Зорка сусветнага маштабу
"У наступным годзе мы плануем запрасіць на адну гонку ў рамках "Спартсменаў за бяспеку дарожнага руху" Кена Блока. Калі ў нас атрымаецца, то ў Беларусі гэта адназначна будзе фурор", - падзяліўся планамі Анатоль Шаўчэнка.
Амерыканец Кен Блок - зорка аўтаспорту сусветнага маштабу, прызнаны адным з самых уплывовых людзей у свеце аўтаспорту. Запрасіць яго на спаборніцтвы - дарагое задавальненне, паколькі ён высокааплатны спартсмен, таму, калі Блок і зможа прыехаць, то хутчэй за ўсё толькі на адзін этап.
Беларускія спартсмены гатовыя выступіць са знакамітым амерыканцам на адных спаборніцтвах, бо лічаць, што чым мацней канкурэнцыя, тым лепш.
"Зараз наша каманда працуе над тым, каб выйсці на міжнародны ўзровень. Нядаўна мы былі на Украіне, ездзім на еўрапейскія старты. Віцебская аўтамабільная школа вельмі сур'ёзная, і куды б мы ні прыехалі - заўсёды навязваем свае правілы, калі можна так выказацца, таму, думаю, што і госця з-за акіяна нам будзе чым здзівіць", - распавёў Шандзюкоў.
Гонка "Спартсмены за бяспеку дарожнага руху" штогод прыцягвае ўсё больш гледачоў, і гэта звязана не толькі з новымі фарматамі мерапрыемства або запрошанымі гасцямі, але і з тым, што вулічныя гонкі заўсёды будуць цікавыя людзям.
Наступны яе этап адбудзецца ў Гродне 7 верасня.