МІНСК, 2 вер - Sputnik. Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці новай школы ў Брэсце. Школу будавалі ў рамках праграмы падрыхтоўкі Брэста да тысячагоддзя горада, урачыстасці з нагоды юбілею запланаваны на будучыя выхадныя.
"Горад актыўна рыхтуецца да святкавання юбілею, пачынаючы новую старонку летапіса другога тысячагоддзя. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы да гэтай даты пабудавана 25 значных аб'ектаў, яшчэ тры знаходзяцца ў стадыі ўзвядзення. Абласны цэнтр змяняецца на вачах", - цытуе Румаса інфармацыйнае агенцтва БелТА.
У Брэсце перад пачаткам навучальнага года адкрылі дзве новыя школы, дзе, па словах прэм'ера, ёсць "усё для атрымання ведаў, заняткаў спортам, развіцця талентаў і набыцця працоўных навыкаў". Пра гэта Румас сказаў на лінейцы падчас адкрыцця школы і на памяць пра падзею ўручыў адміністрацыі сертыфікат на набыццё інтэрактыўнай панэлі.
Новая брэсцкая СШ №11 стала самай вялікай школай вобласці. Сюды 2 верасня прыйшлі каля 2 тысяч вучняў, у тым ліку каля 500 першакласнікаў. Большасць школьнікаў будуць вучыцца ў першую змену. Але з-за наплыву жадаючых - школа размешчана раёне, які расце, - частка класаў будзе вучыцца ў другую змену.
"Упэўнены, што гэтая школа стане добрым стымулам, каб мікрараён развіваўся і далей. Тут жыве шмат маладых сем'яў (насельніцтва мікрараёна - больш за 130 тысяч чалавек). Напаўняем інфраструктуру: ёсць гандлёвыя аб'екты, спартыўныя, плануем будаўніцтва медыцынскіх устаноў. Усё робіцца для таго, каб жыхары адчувалі сябе камфортна", - заявіў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс.
Ён таксама прыйшоў на лінейку з падарункам - уручыў сертыфікат на набыццё спецыяльнай тэхнікі для прыборкі тэрыторыі.
Сяргей Румас і Анатоль Ліс прайшлі па школе, паглядзелі, у якіх умовах будуць вучыцца дзеці, зазірнулі на ўрок у адзін з 18 першых класаў.