Залатыя геліевыя шарыкі доўга адмаўляліся пакідаць школьны двор у Маладзечне. Відэа размясцілі ў пабліку ў сацыяльнай сетцы "УКантакце".
На дапамогу занадта цяжкім шарыкам прыйшоў Чабурашка, а на дапамогу Чабурашку - кракадзіл Гена, якія апынуліся на лінейцы.
Чым займаліся казачныя персанажы ў школьным двары, невядома, на відэа гэта не патрапіла. Затое эпізод, на якім бачна, як яны аказвалі хуткую дапамогу шарыкам, павесяліў сетку.
Сёння лінейкі прайшлі ў большасці школ краіны. Традыцыйна ў многіх школьных дварах рабяты пасля лінейкі запусцілі ў неба паветраныя шары. Глядзіце пацешнае відэа з самымі свавольнымі шарамі, якія насуперак намаганням казачных персанажаў у неба ніяк не ляцелі.