Алесь Адамовіч не мае патрэбы, каб яго прадстаўлялі. Бадай самы шчыры беларускі літаратар і публіцыст мінулага стагоддзя пакінуў пасля сябе грунтоўную спадчыну. Яго наватарскія падыходы ў літаратуры аказалі значны ўплыў не толькі на беларускую літаратуру.
Нарадзіўся будучы класік 3 верасня 1927 года у вёсцы Канюхі Капыльскага раёна.
Адамовіч бачыў вайну, дакладней, нават удзельнічаў — партызаніў. З 1943 года быў спачатку сувязным, потым байцом партызанскага атрада. У той час яму было 15, хоць па дакументах значылася менш. Гэта маці падправіла пасведчанне аб нараджэнні, каб падлетка не сагналі ў Германію.
У яго творчым і грамадскім жыцці, акрамя вайны, былі яшчэ дзве тэмы — Курапаты і Чарнобыль. Самыя балючыя для беларусаў да гэтага часу.
"Вінаватых у Чарнобылі трэба судзіць. Бо калі не спыніць гэтую безадказнасць, гэтую кругавую паруку і вялікую хлусню на ўсіх узроўнях, мы не ўратуемся і ад Чарнобыля, і ад непазбежных новых катастроф", — пісаў у свой час Адамовіч.
Пайшоў з жыцця Алесь Адамовіч 26 студзеня 1994 года ў Маскве.