МІНСК, 4 вер - Sputnik. Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі вынесла на грамадскае абмеркаванне праект Кодэкса аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, паведамілі ў сераду ў прэс-службе ведамства.
Праект кодэкса чыноўнікі распрацавалі для рэалізацыі дэкрэта "Аб развіцці прадпрымальніцтва" - згодна з дакументам, унесці ў Палату прадстаўнікоў яго неабходна да 1 студзеня 2020 года. Грамадскае абмеркаванне праекта кодэкса стартавала 4 верасня і будзе доўжыцца па 16-е чысло.
"У праекце Кодэкса прадугледжаны мерапрыемствы па далейшым удасканаленні і спрашчэнні патрабаванняў да архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, мінімізацыі адміністрацыйных працэдур і ўмяшання дзяржаўных органаў у будаўнічую дзейнасць", - адзначылі ў прэс-службе Мінбудархітэктуры.
У аснову дакумента уключаны закон ад 5 лiпеня 2004 г. № 300-З "Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь".
Праект кодэкса прадугледжвае парадкаванне адносін у архітэктуры і будаўніцтве. Так, там прыводзяцца азначэнні, утрымліваюцца нормы аб дэталёвым планаванні тэрыторый, аб цэнавым рэгуляванні кошту нерухомасці і іншыя палажэнні.