МІНСК, 4 вер - Sputnik. Больш за 60% сяброў акруговых выбарчых камісій на будучых парламенцкіх выбарах складаюць жанчыны, такія дадзеныя апублікаваў Цэнтрвыбаркам Беларусі.
Парламенцкія выбары пройдуць у Беларусі 7 і 17 лістапада: у гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі будуць абраныя члены Савета Рэспублікі, а 17-га адбудзецца галасаванне за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Акруговыя выбарчыя камісіі сфарміраваны ў Беларусі да 2 верасня. Цэнтрвыбаркам апублікаваў асноўныя звесткі аб іх складах.
Жанчын шмат, моладзі мала
Усяго ў Беларусі сфарміравана 110 акруговых выбарчых камісій, у якіх будуць складацца 1430 чалавек. Больш за ўсё акруговых камісій (20) сфармавана ў Мінску, а менш за ўсё (па 13) - у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.
Дзяржаўныя служачыя складаюць 15,7% ад складу акруговых выбарчых камісій. Цікава, што больш за ўсё чыноўнікаў у камісіях Міншчыны - 22,6% ад агульнай колькасці, а менш за ўсё - у Мінску (6,2%).
Аснову акруговых камісій па-ранейшаму складаюць жанчыны: іх 61% ад агульнай колькасці. А вось моладзі няшмат: усяго 3,6% сябраў камісій маладзейшыя за 30 гадоў.
Пайшлі ад аб'яднанняў
Сярод членаў камісій 34,5% тых, хто ўвайшоў шляхам падачы заяў. Працоўныя калектывы прадстаўлены 4,1% ад агульнага складу.
Пераважная большасць (72,8% сябраў камісій) вылучаны грамадскімі аб'яднаннямі, уключаючы 14% прадстаўнікоў партый.
Большасць партыйных членаў камісій - прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і Камуністычнай партыі. Таксама ў склады ўвайшлі прадстаўнікі "Справядлівага свету" (23 чалавекі), Беларускай аграрнай партыі (14), Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі (15).
Ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі ў камісіях будуць працаваць 11 чалавек, ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай Згоды - восем, ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" - чатыры, ад БНФ трое, а ад Беларускай патрыятычнай і Аб'яднанай грамадзянскай партый - па чалавеку.
Па графе "ад іншых грамадскіх аб'яднанняў" ідуць 58,8% сябраў усіх камісій. У асноўным яны прадстаўлены прафсаюзамі (18,9%), "Белай Руссю" (7,6%), Саюзам жанчын (7,1%), БРСМ (6,5%). Таксама будуць у камісіях працаваць прадстаўнікі аб'яднання ветэранаў і фонду міру і іншых грамадскіх арганізацый.