Аматар кіно і блогер Юрый Кастузік прыйшоў у госці на радыё Sputnik і падзяліўся эмоцыямі ад прагляду "Яно-2" - самага чаканага хорару гэтай восені. Экранізацыя першай часткі культавага рамана Стывена Кінга зрабіла фурор у кінатэатрах па ўсім свеце. Фільм "Яно" ў выніку стаў самым касавым "жахам" у гісторыі сусветнага кінематографа.
Другая частка пад немудрагелістай назовай "Яно-2" наўрад ці паб'е гэты рэкорд, лічыць Кастузік. Паводле яго слоў, фільм добры, ён апраўдвае чаканні гледачоў, перадае знакамітую атмасферу з кніг Кінга, але ўсё псуюць ... дарослыя. Нават нягледзячы на тое, што сярод іх ёсць Джэсіка Чэстэйн і Джэймс Макэвой.
"Калі мы ідзем, прабачце, у ванну або туалет ноччу ў цемры, мы, вядома, баімся. Але мы наўрад ці будзем пра гэта камусьці расказваць. Наўрад ці будзем такія "божа мой, там нейкая бука хаваецца"... А дзіця будзе! Яно адразу пабяжыць да мамы. Гэтая магія працуе з дзецьмі і не працуе з дарослымі", - упэўнены суразмоўца Sputnik.
Пры гэтым калі ў Кінга гаворка ідзе пра старажытнага дэмана-дзетазабойцу, які хаваецца пад маскай жудаснага клоўна Пенівайза, то рэжысёр фільма "Яно-2" усё крыху спрашчае, кажа блогер. Гэта пазбаўляе гледача адчування інфернальнага зла як такога, затое дорыць вясёлага злыдня, якога цудоўна сыграў 29-гадовы Біл Скарсгорд.
"Вось ён адзін раз з'яўляецца амаль у нармальным абліччы. У яго характэрная знешнасць, вочы навыкат... І вось ён нахіляе галаву, гэтая ўсмешка яго... Без грыму, проста ўсмешка. Гэта прама дэманічная штука...", - захапляецца Кастузік.
Поўную версію інтэрв'ю з блогерам і аматарам кіно Юрыем Кастузікам глядзіце на Sputnik Беларусь.
* Меркаванне спікера можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі