МІНСК, 5 вер - Sputnik. Праверка супрацоўнікаў праваахоўных органаў на паліграфе - працэдура не занадта дасканалая і мае пэўныя хібы, важней - характарыстыка калектыву і непасрэднага начальніка, заявіў у эфіры праграмы "Размова ў прэзідэнта" на тэлеканале "Беларусь 1" кіраўнік МУС рэспублікі Юрый Караеў.
Масавыя праверкі міліцыянераў на паліграфе, перш за ўсё інспектараў ДАІ, пачаліся ў 2016 годзе пры ранейшым кіраўніку ведамства Ігары Шуневічы - пасля скандальнага ДТЗ з удзелам в.а. начальніка ДАІ Баранавіцкага ГАУС Андрэя Валкавыцкага, у выніку якога загінула жанчына-пешаход. У выніку ў структурах МУС пачалі адбывацца звальненні: працы пазбаўляліся супрацоўнікі, якія не прайшлі паліграф.
Пасля прыходу на пасаду кіраўніка МУС новага міністра такая практыка ў праваахоўных органах была спыненая.
"Я паслухаў і сваіх намеснікаў, і служачых, скажам так, рангам паменш, і самых простых супрацоўнікаў, а больш за ўсё супрацоўнікаў ДАІ - яны мне сваё бачанне распавядалі, у тым ліку, што не зусім дасканалая гэтая сістэма, калі толькі такое даследаванне заступае чалавеку дарогу для працягу службы", - сказаў Караеў.
Ён таксама адзначыў, што адмяніў татальныя праверкі па некалькіх прычынах: супрацоўнік пры правядзенні працэдуры можа, напрыклад, хвалявацца і з-за развітой фантазіі "прыцягнуць" на сябе тое, чаго не рабіў.
"Мы не такія яшчэ ідэальныя ўсе - наш народ, грамадства і мы, міліцыянеры - што ў нас служаць прама ўсе бездакорныя, усе мы з грашком. Тут характарыстыка начальніка і калектыву, мне здаецца, больш важна, чым чужы дзядзька-паліграфіст, які ўжо як бы загадзя ставіцца да цябе з такой прадузятасцю, спрабуе ў чымсьці выкрыць", - сказаў кіраўнік МУС.
Паводле яго слоў, і сама працэдура не зусім дакладная, мае некаторыя хібы і дапушчэнні, таму цалкам спадзявацца на паліграф - не зусім дакладна.
"Я прыняў такое рашэнне, хоць свядома разумею, што нечым паграшу супраць ўласнай бяспекі ў нашых шэрагах, дзесьці, можа, і пройдуць такія, каго і варта было б прыпыніць на службе", - сказаў Караеў.
Ён таксама прызнаўся, што ў МУС цяпер вельмі не хапае супрацоўнікаў ДАІ, таму калі зыходзіць з прынцыпу меншага зла, можна даць адзін шанец нават таму супрацоўніку, які памыліўся.