МІНСК, 15 вер - Sputnik. Юная беларуская актрыса Насця Пляц згуляла галоўную ролю ў фільме па рамане Віктара Марціновіча "Возера радасці". За ролю дзяўчынкі Ясі яна атрымала прыз Best Actress на іспанскім фестывалі FICBUEU.
Насця з трох гадоў жыла ў Магілёўскай SOS-вёсцы, і ў фільме яна таксама згуляла дзяўчынку, якая з дзяцінства выхоўвалася без бацькоў.
Карціна атрымала на фэсце яшчэ дзве ўзнагароды - Best Art Direction, Prize of Jury.
"Проста акіян радасці!!!" - піша Марціновіч у Facebook.
Раман "Возера радасці" распавядае гісторыю сталення беларускі Ясі. Дзеянне адбываецца ў трох сталіцах - Мінску, Маскве і Вільні. Галоўную гераіню Ясю, ролю якой і згуляла Насця Пляц, ужо параўноўвалі з гераіняй кніг Маргарэт Мітчэл - Скарлет.
Фільм "Возера радасці" - экранізацыя часткі кнігі Марціновіча, распавядае пра дзевяцігадовую Ясю, жыццё якой кардынальна змянілася пасля смерці маці. Яся пачынае будаваць сваё новае жыццё пасля таго, як бацька адвозіць Ясю ў інтэрнат.
Сусветная прэм'ера карціны адбудзецца на міжнародным кінафестывалі ў Клермон-Феране ў лютым 2019 года. Выхад фільма на экраны беларускіх кінатэатраў плануецца восенню гэтага года.