У цэху ручной глазіроўкі на "Чырвоным харчавіку", што ў Бабруйску, зефір пакрываюць шакаладам. Але гэта не адзінае месца на фабрыцы, дзе без ручной працы не абысціся. Вы ведалі, што нават склейваюць дзве палоўкі зефіру ўручную? Прычым з боку здаецца, што супрацоўніцы фабрыкі могуць рабіць гэта нават не гледзячы на канвеер.
Як бы ні былі аўтаматызаваны лініі вытворчасці, зефір любіць індывідуальны падыход. Здавалася б: няма нічога прасцей змешвання інгрэдыентаў, але калі гаворка ідзе пра зефір, у пэўны момант да тэхналогій трэба падключаць інтуіцыю. Так што на гэтым участку працуюць самыя вопытныя супрацоўнікі вытворчасці.
Нядаўна на "Чырвоным харчавіку" адкрылі абноўлены цэх ручной глазіроўкі зефіру. Кожную зефірынку ўручную пакрываюць шакаладам. У выніку ў дзень з цэха выходзіць каля трох тон знакамітых шакаладных "грыбочкаў", "дзьмухаўцоў", "метэарытаў".
Асаблівы гонар фабрыкі - пасціла. Практычна такую ж пасцілу куплялі ў савецкі час нашы бабулі і дзядулі, тэхналогію атрымалася цалкам аднавіць. У сучасную пасцілу дадаюць ягады - так што гэта адначасова і старая добрая класіка, і навінка.
Аматары беларускага зефіру жывуць і далёка за межамі краін былога Савецкага Саюза. Калі любоў суседзяў да нашага натуральнага ласунка вядомая даўно, то пра тое, што зефіркі можна сустрэць ужо нават у Нью-Ёрку, вы маглі не ведаць.