МІНСК, 23 вер - Sputnik. Кніга Святланы Алексіевіч увайшла ў спіс 100 лепшых твораў XXI стагоддзя, які склала брытанскае выданне The Guardian.
"Час сэканд-хэнд" беларускай пісьменніцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі заняла трэцяе месца ў спісе. Гэта пятая, завяршальная кніга з цыклу "Галасы утопіі".
Другое месца выданне аддало раману "Галаад" амерыканкі Мэрылін Робінсан, за які яна атрымала Пулітцэраўскую прэмію. Гэта раман у лістах, якія 76-гадовы пастар перад смерцю піша свайму юнаму сыну. Не толькі споведзь пажылога чалавека, але і ўспаміны аб Амерыцы першай паловы XX стагоддзя.
Першае месца брытанцы прысудзілі сваёй суайчынніцы Хілары Мантэл - за раман "Ваўчыная зала". Ён прынёс ёй Букераўскую прэмію. Дзеянне адбываецца ў дваццатых гадах XVI стагоддзя пры двары Генрыха VIII. Гэта гісторыя ўзыходжання Томаса Кромвеля на вяршыню палітычнага Алімпу таго часу і стварэння новай Англіі.