Кніга Пятра Скаргі ненадоўга вярнулася ў Пінск

© PixabayБіблія і ружанец
Біблія і ружанец - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Кнігу пропаведзяў езуіцкага манаха прывезлі ў Палескі музей з запаснікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
МІНСК, 24 вер - Sputnik. Кніга Пятра Скаргі "Казані" выстаўлена ў Музеі Беларускага Палесся ў рамках культурнага праекта "За кулісамі музея", паведамляе рэгіянальны СМІ.
Да цяперашняга моманту гэтая кніга, надрукаваная ў 1735 годзе ў пінскай друкарні, у будынку якой цяпер і размешчаны музей, захоўвалася ў запасніках Нацыянальнай бібліятэкі. Як распавёў рэсурсу кіраўнік навукова-асветніцкага аддзела музея Валерый Кобрынец, пра тое, што ўнікальная кніга знаходзіцца ў сховішчы мінскай бібліятэкі, ён даведаўся каля года таму ад яе прадстаўніка Анатоля Сцебуракі, які выступаў з дакладам пра пінскія стародрукі ў Палескім дзяржаўным універсітэце.
Перамовы музея з Нацыянальнай бібліятэкай доўжыліся цэлы год, і вось, нарэшце, жыхары Пінска могуць убачыць рэдкую кнігу, якая часова вярнулася на сваю гістарычную радзіму.
Экспазіцыю дапаўняюць яшчэ два унікальныя артэфакты: фрагмент амфары з надпісам "[Я]РОПОЛЧЕ ВHNО" (яраполчае віно), які датуецца канцом ХІІ стагоддзя, і пергаментная грамата пінскага князя Фёдара Яраславіча, напісаная ў канцы XV - пачатку XVI стагоддзя.
Выстава "Скарбы пінскай зямлі" ў Музеі Беларускага Палесся будзе доўжыцца да 6 кастрычніка.
Стужка навiн
0