МІНСК, 7 кас - Sputnik. Мінскі мастак Аляксей Кузьміч зладзіў пратэстны перформанс на адкрыцці выставы "Прысутнасць" у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (НЦСМ). Калі публіка сабралася, ён з'явіўся перад арганізатарамі і гасцямі выставы голым, з шыльдай "Міністэрства культуры" на прычынным месцы і надпісам "з усім згодны" на далонях.
Кузьміч - адзін з пяці мастакоў, якія прадставілі свае работы на гэтай выставе. На сваёй старонцы ў Facebook ён распавёў, што ў ходзе падрыхтоўкі работ да экспазіцыі яму давялося сутыкнуцца з праявамі цэнзуры. У прыватнасці, істотна была перапрацаваная эксплікацыя да працы "Аэра-дурніца". Аўтар з праўкамі пагадзіўся.
"Але гэтага здалося мала, і за пару гадзін да адкрыцця выставы камусьці з кіраўніцтва здалося, што ўсё ж такі могуць не пагладзіць па галоўцы з міністэрства, і яны вырашылі яшчэ больш абяскроўліваць тэкст і да канца зрэзаць ўсю "..." (глупства - Sputnik). Ужо без майго ведама. Проста наклеілі сваю версію", - напісаў Кузьміч.
![Мінскі мастак распрануўся ў знак пратэсту супраць цэнзуры Мінскі мастак распрануўся ў знак пратэсту супраць цэнзуры - Sputnik Беларусь](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/104291/79/1042917947_0:0:2000:1334_600x0_80_0_0_71fe4f45363d31b56a06289f18f5e204.jpg)
Ідэя смелай акцыі нарадзілася, па словах мастака, у сувязі з прапановай НЦСМ зладзіць яго персанальную выставу. Ён пацікавіўся ў кіраўніцтва цэнтра наконт ступені цэнзуры і атрымаў, па яго словах, інтрыгуючы адказ: галоўнае, каб не было дэманстрацыі геніталій, "бо курыруе выставу Міністэрства культуры РБ", цытуе сваю размову з прадстаўнікамі НЦСМ Кузьміч.
У выніку, не чакаючы уласнай выставы, мастак прыйшоў на адкрыццё "Прысутнасці" ва ўзбуджаным і аголеным стане, але законапаслухмяна прыкрыў адцэнзураваную, па просьбе кіраўніцтва цэнтра, частку сябе.
Выставу "Прысутнасць" у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў анансавалі як выказванне пяці мастакоў аб розных праявах крызісу сучаснага свету. Кузьміч, які зладзіў адкрыты перформанс, павінен быў быць прадстаўлены на выставе толькі працай "540" - інсталяцыяй, якая адлюстроўвае перавернуты свет постпраўды. Ідэя была ў тым, каб паказаць, што хлусня - каласальны інструмент сацыяльнай рэгуляцыі ў сучасным свеце, у якім няма часу на аналіз і рэфлексію. Данесці гэтую думку мастак паспрабаваў з дапамогай прынцыпу крыжаванкі, дзе ён трансфармуе важныя і складаныя пытанні, бясконцыя інтэрпрэтацыі і сэнсы ў сухія слоўныя рэшткі.