МІНСК, 11 кас - Sputnik. Легендарны савецкі касманаўт Аляксей Лявонаў памёр на 86-м годзе жыцця, паведамілі ў Цэнтры падрыхтоўцы касманаўтаў.
"Так, на жаль, гэта сапраўды так", - сказаў прадстаўнік ЦПК.
Паводле інфармацыі СМІ, Лявонаў памёр у Маскоўскай клінічнай бальніцы №68 пасля працяглай хваробы.
Лявонаў быў 11-м савецкім касманаўтам і першым чалавекам, які выйшаў у адкрыты космас. Гэта здарылася ў сакавіку 1965-га.
Аляксей Лявонаў нарадзіўся 30 мая 1934 года ў вёсцы Лісцвянка Цісульскага раёна Кемераўскай вобласці ў шматдзетнай сям'і. Ён скончыў Чугуеўскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў па спецыяльнасці "лётчык-знішчальнік". Ён увайшоў у лік першых 20-ці лётчыкаў, адабраных для палётаў у космас у легендарны 1-ы атрад касманаўтаў.
Лявонаў здзейсніў два касмічныя палёты, налятаўшы больш за сем сутак.
Саюз-Апалон
У 1975 годзе Лявонаў як камандзір экіпажа ўдзельнічаў у першай стыкоўцы караблёў розных краін - "Саюз-19" (СССР) і "Апалон" (ЗША).
Менавіта тады прайшла гістарычная сустрэча і жэст сяброў двух экіпажаў - Аляксея Лявонава, Валерыя Кубасава, Вэнса Брандо, Томаса Стафарда і Дональда Слэйтана, за якой назіраў увесь свет.
Узнагароды і карціны
З Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў Лявонаў сышоў у 1991 годзе. Легендарны касманаўт займаў розныя пасады ў структурах, звязаных з космасам, напісаў больш за 10 навуковых прац і стварыў чатыры вынаходкі, а таксама некалькі кніг. Ён ганараваны высокімі ўзнагародамі, у тым ліку замежных дзяржаў. Яго імем названы адзін з кратэраў на Месяцы.
Акрамя гэтага, Лявонава ведалі як таленавітага жывапісца. Ён напісаў больш за 200 карцін на касмічную тэматыку.