МІНСК, 11 кас - Sputnik. Сумесныя беларуска-расійскія тактычныя вучэнні дэсантнікаў дзвюх краін з баявой стральбой пройдуць з 21 па 25 кастрычніка пад Брэстам. Кіраваць вучэннямі будзе камандуючы сіламі спецаперацый Узброеных Сіл Беларусі, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны краіны.
Цырымонія ўрачыстага адкрыцця вучэнняў адбудзецца 20 кастрычніка на палігоне "Брэсцкі".
Расійскія ўдзельнікі вучэнняў - парашутна-дэсантны батальён 137-га гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка 106-й паветрана-дэсантнай дывізіі ПДВ Узброеных Сіл Расіі - прыбудуць у Брэст ужо заўтра.
З беларускага боку ў тактычным вучэнні прыме ўдзел дэсантна-штурмавой батальён 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады са сродкамі ўзмацнення.
"Прадугледжаны ўдзел авіяцыйнага кампанента з прыцягненнем беспілотных авіяцыйных комплексаў, верталётаў Мі-8 і Мі-24, самалётаў Іл-76 МД і Як-130", - распавялі ў Мінабароны.
Там таксама падкрэслілі, што асноўная мэта вучэння - арганізацыя ўзаемадзеяння паміж падраздзяленнямі ўзброеных сіл Беларусі і Расіі.
У ходзе сумесных дзеянняў вайскоўцы дзвюх краін адпрацуюць пераадоленне воднай перашкоды на штатнай тэхніцы, скачкі з парашутам, у тым ліку ўначы, дэсантаванне тэхнікі, а таксама правядуць баявыя стрэльбы.
Для ўдзельнікаў вучэння прадугледжаны таксама экскурсіі, падчас якіх вайскоўцы Расійскай Федэрацыі змогуць азнаёміцца з выдатнымі мясцінамі Брэсцкай зямлі, распавялі ў Мінабароны.