МІНСК, 19 кас - Sputnik. Кардыёстымулятар для сардэчнікаў пачалі ўсталёўваць па новай методыцы ў Беларусі, паведаміў дырэктар РПНЦ "Кардыялогія" Аляксандр Мрочак у эфіры тэлеканала "Беларусь-1".
Першую такую аперацыю правялі ў цэнтры ў пятніцу 18 кастрычніка. Пацыентам стаў 32-гадовы беларус, хворы на брадыкардыю, якая характарызуецца рэдкім сардэчным рытмам.
Кардыёстымулятар быў усталяваны малаінвазіўным метадам, праз тры дні пацыент ужо зможа вярнуцца дадому. Урачы адзначылі, што пасля аперацыі ён больш не будзе пакутаваць ад галавакружэнняў і пераднепрытомасных станаў.
Новая тэхналогія больш фізіялагічная для арганізма - яна дазваляе сінхранізаваць працу правага і левага жалудачкаў.
Раней прыладу ўсталёўвалі толькі ў правы жалудачак сэрца, але пры гэтым былі пэўныя наступствы - у некаторых выпадках у людзей развівалася сардэчная недастатковасць.
"Мы можам паставіць электрод, натуральна, выкарыстоўваючы і вопыт, і адпаведныя прылады, у вобласць міжжалудачкавай перагародкі. Гэта натуральныя праводзячыя шляхі сэрца. Натуральны імпульс ідзе тады нармальна ад стымулятара. І абодва клапаны пачынаюць працаваць нармальна. Чалавек жыве ў такой сітуацыі значна даўжэй" , - растлумачыў Мрочак.
У эфіры тэлеканала таксама паведамілі, што Беларусь стала адной з першай краін СНД, дзе пачалі ўжываць падобную методыку.