МІНСК, 23 кас - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў Савету бяспекі і Міністэрству абароны прадумаць рэакцыю на перакідку бранятанкавай дывізіі НАТА да беларускай мяжы, пра гэта паведаміў дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась.
Падраздзяленні 1-й бранятанкавай дывізіі НАТА ўжо прыбываюць у Літву для ўдзелу ў ваенных вучэннях, якія запланаваны на вясну наступнага года. Дыслацыравацца амерыканскія танкі "Абрамс" і самаходкі "Брэдлі" будуць на палігоне Пабрадэ, гэта прыкладна ў 15 кіламетрах ад мяжы з Беларуссю.
"Да гэтага часу амерыканскіх падраздзяленняў у гэтай краіне не было. Зараз яны там з'яўляюцца", - цытуе БелТА словы Зася.
Дзяржсакратар адзначыў, што любая краіна прапрацоўвала бы ў такой сітуацыі меры ў адказ. І беларускі лідар даручыў прадумаць рэакцыю ў адказ Савету бяспекі і Мінабароны і прадставіць яму прапановы ў пачатку наступнага тыдня. Зась дадаў, што ўсё гэта адбываецца на фоне напружанасці ў свеце і рэгіёне, якая расце.
"Ці патрэбна Літве такая дадатковая напружанасць паміж нашымі дружалюбнымі народамі, хай яны самі прымаюць рашэнне", - заўважыў дзяржсакратар Савета бяспекі.
Ён адзначыў, што Беларусь занепакоеная і маштабнымі вучэннямі НАТА Defender Europe, запланаванымі на будучую вясну. У манеўрах прымуць удзел каля 40 тысяч вайскоўцаў, каля паловы з іх - амерыканскія. Паводле слоў дзяржсакратара, падчас вучэнняў будзе адпрацоўвацца перакідка на кантынент войскаў рознымі спосабамі.
"Ваенныя выдаткі ва ўсіх нашых суседзяў у апошнія гады растуць. Мала таго, што яны больш, чым у Беларусі і ў грашовых адзінках, і ў працэнтах ад ВУП, але яны растуць. Гэта значыць у наяўнасці мілітарызацыя гэтага рэгіёну", - прыйшоў да высновы Зась.
Раней Лукашэнка на саміце ў Ашхабадзе 11 кастрычніка выказаў непакой надыходзячымі вучэннямі НАТА каля беларускіх межаў. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адрэагаваў тады больш спакойна, але ўсё ж прапанаваў абмеркаваць гэта з кіраўнікамі дзяржаў СНД.