Першыя пускі мадэрнізаванай супрацьтанкавай кіраванай ракеты 9М113М па браніраваных аб'ектах прайшлі пад Барысавам, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны.
У выніку мадэрнізацыі ракета атрымала дадатковы кумулятыўны зарад, гарантаванае пераадоленне дынамічнай абароны. Акрамя таго, яе бронепрабівальнасць павялічана з 250 мм да 375 мм.
9М113М - гэта мадэрнізаваны варыянт ракеты супрацьтанкавага ракетнага комплексу "Конкурс". Ракета прызначана для паражэння бранятанкавай тэхнікі з дынамічнай абаронай, умацаваных агнявых кропак, рухомых і нерухомых наземных цэляў, нізкалётных верталётаў ў розны час сутак на далёкасцях да 4000 метраў.