Сёння і заўтра гэтую базу ўбачаць школьнікі ў Брэсце і Мінску, а заадно атрымаюць свае першыя навыкі па працы з тэхналогіямі дапоўненай і віртуальнай рэальнасці.
Да 2030 году расіяне збіраюцца пабудаваць Месяцовую базу. У МIА "Россия сегодня" не сталі чакаць дзясятак гадоў і пабудавалі базу ў віртуальнай прасторы раней, каб кожны, надзеўшы VR-акуляры, змог прадставіць, як яна будзе выглядаць.
Сёння і заўтра гэтую базу ўбачаць школьнікі з Мінска і Брэста, якія запісаліся на "Дні віртуальнай рэальнасці", арганізаваныя МIА "Россия сегодня".
Але рабяты не проста ўбачаць, як IT-прафесіяналы рэалізавалі праект у віртуальнай рэальнасці, яны змогуць наведаць бясплатныя майстар-класы і паўдзельнічаць у практычных занятках з выкарыстаннем сучасных тэхналогій.
Школьнікі і студэнты першых курсаў паслухаюць лекцыю пра перспектывы развіцця тэхналогій віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, змогуць паўдзельнічаць у майстар-класах "Асновы праграмавання на Unity. Распрацоўка VR-гульні", "Асновы праграмавання, камп'ютарных гульняў і віртуальнай рэальнасці", а таксама ўбачыць прэзентацыю VR-праектаў.
Напярэдадні старту майстар-класаў, арганізатары адукацыйнага праекта распавялі ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь, для чаго нам тэхналогіі AR і VR і чаму сучаснай школе за імі не ўгнацца.
Планшэты стануць перажыткам мінулага?
Нядаўна ў МIА "Россия сегодня" паказалі чарговы праект, выкананы з дапамогай тэхналогій віртуальнай рэальнасці. У "Музеі зніклых карцін" сабралі працы мастакоў, якія ўжо нельга ўбачыць ні ў адным музеі - яны былі скрадзеныя або знішчаны. Але, калі надзець VR-ачкі, іх зноў можна будзе разгледзець.
Гэта прыклад прымянення VR-тэхналогій у медыя, але цяжка ўявіць сферу жыцця, у якой яны былі б не дастасавальныя. Старшыня праўлення "Кібер краіна" Раман Павалоцкі ўпэўнены, што акуляры віртуальнай рэальнасці неўзабаве выцесняць усе іншыя нашы девайсы.
"Тлумачэнняў некалькі: аб'ём лічбавых тэхналогій і інфармацыйны паток такі інтэнсіўны, што мы не паспяваем спраўляцца з ім пры дапамозе смартфона. У акулярах дапоўненай рэальнасці вы можаце размясціць 18 экранаў замест аднаго, гэта нашмат зручней", - тлумачыць Раман.
Да таго ж, акуляры "вызваляюць" рукі - прадстаўнікі розных прафесій, ад інжынераў да ўрачоў, атрымліваюць доступ да вылічальных тэхналогій. Карыстацца планшэтам падчас аперацыі практычна немагчыма, але калі ў хірурга будуць акуляры віртуальнай рэальнасці, гэта можа значна дапамагчы яму ў працы.
Яшчэ адна прычына - акуляры кампактныя. Можна не браць з сабой на дачу планшэт і ноўтбук, узяць адны толькі акуляры і фактычна мець пры сабе ўсю сваю працоўную прастору.
"Мы ўспрымаем свет трохмерным. Калі чытаем тэкст і спрабуем ператварыць двухмерны малюнак у трохмерны, нясем камунікацыйныя страты", - тлумачыць Павалоцкі і прыводзіць просты зразумелы прыклад - зразумець, як працуе крывяносная сістэма чалавека, прасцей, калі паглядзець на яе ў VR-акулярах, а не проста ўбачыць малюнак на аркушы паперы.
Сабраць акуляры па выкрайцы з інтэрнэту
Адукацыйны праект "Дні віртуальнай рэальнасці" рэалізуецца ў шасці краінах, сярод якіх апынулася і Беларусь.
"Праект накіраваны на развіццё лічбавых кампетэнцый і атрыманне практычнага вопыту праграмавання. Актуальнасць праекта відавочная - лічбавыя тэхналогіі вокамгненна распаўсюджваюцца і прысутнічаюць амаль ва ўсіх сферах нашага жыцця", - пацвярджае кіраўнік адукацыйных праектаў Саюза "Прафесіяналы ў сферы адукацыйных інавацый" Яўген Антонаў.
У праекта, у якім змогуць паўдзельнічаць беларускія школьнікі, два этапы - дыстанцыйны і вочны. На дыстанцыйным этапе можна прайсці бясплатныя курсы - "VR і АR тэхналогіі ў медыяіндустрыі" і "3D-мадэляванне". А потым прыйсці на вочную сустрэчу са спецыялістамі сферы.
Для пачатку школьнікаў паспрабуюць зацікавіць той самай месяцовай базай.
"Вялікі плюс VR у тым, што чалавек, акрамя таго, што даведаецца інфармацыю, можа з ёй узаемадзейнічаць. Ты не проста даведаўся, з чаго складаецца месяцовы грунт. Ты ўзяў рукой гэты месяцовы грунт, паклаў яго ў адмысловую прыладу, якая пазнае, якія ў ім мікраэлементы, націснуў кнопку пуск - гэта паўнавартасная дакументальная журналістыка, якая дае зразумець, як уладкованыя рэчы", - распавёў кіраўнік Цэнтра інавацыйнай журналістыкі МIА "Россия сегодня" Іван Громаў.
Праекты ў віртуальнай рэальнасці могуць існаваць на трох платформах. Самая элементарная - відэа 360 градусаў. Можна проста спампаваць яго на тэлефон, глядзець, паварочваючы налева і направа.
Другі ўзровень прадугледжвае наяўнасць адмысловых акуляраў.
"Іх можна зрабіць нават самому. Можна спампаваць выкрайку "кардборда" ў інтэрнэце і скласці з яе акуляры. Потым спампоўваем на тэлефон дадатак, устаўляем тэлефон у кардборд, апранаем навушнікі - і атрымліваем ужо больш паўнавартаснае ўзаемадзеянне. І гук добры, і карцінка перад вачыма. Курсор наводзім поглядам", - распавядае Громаў.
Наступны ўзровень - сапраўдныя акуляры, якія ідуць у камплекце з джойсцікамі. Гэта ўжо больш дарагое задавальненне, і сам Громаў прызнаецца - свае праекты глядзіць на кардбордах, як прафесійныя музыканты слухаюць свае трэкі па радыё, каб ведаць, як іх успрымаюць звычайныя слухачы, у якіх няма дарагога абсталявання.
Павалоцкі лічыць, што дзяцей у праграмаванне прасцей за ўсё ўцягнуць з дапамогай камп'ютарных гульняў. Так нарадзілася ідэя выпусціць "Кіберкнігу", у якой навучанне праграмаванню сумяшчаецца з гульнёй. Рабяты паказваюць хуткі прагрэс, калі вучацца ў такім фармаце.
У цэлым жа старшыня праўлення "Кібер краіны" лічыць, што школьная адукацыя не паспявае за развіццём IT - занадта хутка мяняецца сфера. Ён прыводзіць у прыклад сітуацыю, у якой апынуўся сам:
"Мы адкрывалі спецыяльнасць, звязаную з віртуальнай і дапоўненай рэальнасцю ў магістратуры, сканцэнтраваліся на гэтай задачы і праз год з жахам зразумелі, што маральна састарэлі. За год страцілі кваліфікацыю", - кажа эксперт.
Ён падбадзёрвае школьнікаў займацца тэхналогіямі VR і AR, прыводзячы рацыянальныя довады: у якой бы прафесіі ён у будучыні ні быў заняты, разуменне таго, як прымяніць гэтыя тэхналогіі ў сваёй сферы, падвышае кошт яго прафесійных ведаў у некалькі разоў.
Дзеці, уцягнутыя ў вывучэнне гэтай тэмы, хутка разумеюць, што займаюцца тэхналогіямі будучыні. А школьным настаўнікам госць прэс-цэнтра Sputnik рэкамендуе змяніць падыход да выкладання - стаць для вучняў т'ютарам.
- Поўную версію размовы глядзіце на Youtube-канале Sputnik Беларусь