МІНСК, 30 кас - Sputnik. У Беларусі трэба займацца антынаркатычнай прапагандай, заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на адмысловай нарадзе па выпрацоўцы новых антынаркатычных мер, перадае тэлеканал АНТ.
На думку кіраўніка дзяржавы, у цяперашні час трэба займацца працай на папярэджанне ўзнікнення наркатычнай залежнасці. Такая дзейнасць павінна весціся як на ўзроўні сістэмы адукацыі і аховы здароўя, так і ў сем'ях.
Беларускі прэзідэнт звярнуў увагу, што антынаркатычная прапаганда павінна развівацца, улічваючы інтарэсы маладых беларусаў.
"Разам з традыцыйнымі СМІ тут варта актыўна падключаць сацыяльныя сеткі і іншыя віды папулярных у падлеткаў інтэрнэт-рэсурсаў", - лічыць Лукашэнка.
Паводле яго слоў, цяпер непрыкметная праца Міністэрства інфармацыі ў гэтым кірунку. "Я ўвогуле нешта не бачу гэтага міністэрства. Можа яно нам не трэба?" - задаў рытарычнае пытанне прэзідэнт.