МІНСК, 2 ліс - Sputnik. Беларусь прапануе краінам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) рэгулярныя сустрэчы па пытаннях атамнай энергетыкі, заявіў прэм'ер-міністр рэспублікі Сяргей Румас.
Беларускі прэм'ер прымае ўдзел у пасяджэнні савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў ШАС, яно праходзіць у суботу ў Ташкенце.
"Надышоў час падумаць над стварэннем у рамках ШАС механізму рэгулярных сустрэч, нарад па пытаннях атамнай энергетыкі і ядзернай бяспекі", - сказаў Румас, адзначыўшы актуальнасць тэмы.
Прэм'ер-міністр дадаў, што Беларусь актыўна развівае супрацоўніцтва па гэтых пытаннях у рамках дэкларацыі, якая была падпісана ў чэрвені па выніках саміту ў Бішкеку.
Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва была створана ў 2001 годзе прэзідэнтамі Кітая, Расіі, Кахазстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана. Два гады таму да Арганізацыі далучыліся Індыя і Пакістан, яшчэ чатыры краіны, уключаючы Беларусь, якія ўдзельнічаюць у якасці назіральнікаў.