МІНСК, 5 ліс - Sputnik. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей знаходзіцца з візітам у Стакгольме, паведаміў у сваім Twitter-акаўнце пасол Беларусі ў Швецыі Дзмітрый Мірончык.
Ужо адбылася сустрэча кіраўніка беларускага МЗС са шведскай калегай Анн Ліндэ. Мірончык нагадаў, што гэта ўжо другая сустрэча кіраўнікоў МЗС у гэтым годзе - першая адбылася ў верасні ў Нью-Ёрку на палях Генеральнай Асамблеі ААН.
Па словах беларускага пасла, гэта першы візіт у гісторыі двухбаковых адносін. Акрамя шэрагу двухбаковых сустрэч, мяркуецца, што Макей возьме ўдзел у сустрэчы высокага ўзроўню з нагоды 10-годдзя "Усходняга партнёрства".
Аналагічнае мерапрыемства павінна было адбыцца ў Мінску на пачатку кастрычніка. У сталіцы Беларусі чакалі кіраўнікоў МЗС краін-удзельніц "Усходняга партнёрства", а таксама кіраўніка Еўрапейскага саюза па замежных справах Федэрыка Магерыні. Аднак візіт Магерыні быў перанесены, як паведамілі ў прадстаўніцтве ЕС, з-за "змяненняў у раскладзе" ў некаторых удзельнікаў перамоваў".
"На жаль, мы не змаглі забяспечыць высокі ўзровень правядзення мерапрыемства ў рамках і з нагоды 10-й гадавіны "Усходняга партнёрства", - сказаў з гэтай нагоды кіраўнік беларускага МЗС.
Пры гэтым ён тады падкрэсліў, што візіт перанесены, і рана ці позна такая сустрэча адбудзецца.