МІНСК, 6 ліс - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў грамадзян краіны з надыходзячым святам - Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі, тэкст віншавання апублікаваны на сайце кіраўніка дзяржавы.
"Восень 1917 года кардынальна змяніла ход сусветнай гісторыі. Адзначыла пачатак новай эры чалавечага развіцця, заснаванай на прынцыпах сацыяльнай роўнасці, справядлівасці і гуманізму", - гаворыцца ў віншаванні.
На думку Лукашэнкі, ідэалы рэвалюцыі сталі сімвалам адраджэння многіх народаў свету, натхнілі іх на барацьбу за свабоду і раўнапраўе. Ён нагадаў, што пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўпершыню змагла аформіцца беларуская дзяржава, якая дазволіла рэалізаваць права народа на самавызначэнне, развіццё сваёй культуры і ўмацаванне нацыянальнага адзінства.
"Самаадданай працай мы змянілі родны край. Здзейсніўшы ратны подзвіг, адстаялі незалежнасць краіны. Захаваўшы лепшыя дасягненні савецкай эпохі, пабудавалі суверэнную дзяржаву", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар падкрэсліў, што памяць аб гераічных падзеях і перажытых выпрабаваннях ўзмацняе духоўную сувязь паміж пакаленнямі, выхоўвае пачуццё гонару за свой народ, умацоўвае згоду ў грамадстве і натхняе грамадзян на стваральныя ініцыятывы на карысць Радзімы.
У завяршэнні прэзідэнт пажадаў грамадзянам моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, а таксама новых дасягненняў і працвітання краіне.
Беларусь адзіная з постсавецкіх рэспублік захавала ў святочным календары дату 7 лістапада. У гэты дзень у 1917 годзе ў выніку ўзброенага паўстання ў Санкт-Пецярбургу быў звергнуты Часовы ўрад Расіі.