Сярэднявечча пакутуе ў Гродне: чым абернецца рэстаўрацыя замка Баторыя
11:29 16.11.2019 (абноўлена: 12:01 16.11.2019)
© Sputnik / Станислав АндросикРэстаўрацыя замка Баторыя
© Sputnik / Станислав Андросик
Падпісацца
У Гродне ў чарговы раз абмяркоўвалі лёс Старога замка, які з боку выглядае незайздросным. Як "будуюць" рэзідэнцыю караля і вялікага князя, разбіраўся Sputnik.
Пакуль Стары замак ў другой сталіцы Рэчы Паспалітай больш паходзіць на будпляцоўку новага мікрараёна (нездарма работы вядзе "Гроднаграмадзянпраект"), у Новым замку сабраўся круглы стол. За ім сабраліся навукоўцы, каб абмеркаваць рэканструкцыю замка часоў Стэфана Баторыя. У праграме было заяўлена, што за кожным дакладам будзе ісці дыскусія. Чаму круглы стол больш нагадваў "нямы Сойм", піша карэспандэнт Станіслаў Андросік.
Вынік рука/твар
Найвялікшым здабыткам беларускай зямлі назвала Стары замак начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.
"Для жыхароў Гродзеншчыны гэта знакавае месца, звязанае з гісторыяй іх жыцця. У музей, які тут (у Старым замку - Sputnik) ёсць з 1920 года, усе хадзілі ў дзяцінстве", - успомніла чыноўніца ад культуры.
Алена Клімовіч распавяла, што "рэканструкцыя аб'екта" пройдзе ў тры чаргі. У першую чаргу гэта ўязная замкавая брама і сярэдняя вежа, затым работы ў палацы караля Стэфана Баторыя, трэці этап закране астатнюю тэрыторыю замка.
© Sputnik / Станислав АндросикКаменицы не было в замке, считают историки, критикующие ход реконструкции
Каменицы не было в замке, считают историки, критикующие ход реконструкции
© Sputnik / Станислав Андросик
Начальнік упраўлення канстатавала, што першая чарга праведзена і "вынік ужо бачны". Цяпер ідуць перадпраектная падрыхтоўка па другой чарзе, якія ўключаюць у сябе цэлы комплекс навуковых прац.
Чаму так нельга было паступіць да ўзвядзення камяніцы? Бо яе не было ў замку і вынікі археалагічных раскопак гэта даказваюць. Мерныя хаты замест драўляных сцен абзавяліся новенькімі з сілікатнай цэглы, а ўязная брама - лішнім паверхам. Здавалася, што навукоўцы не маўчалі ў шапку і тады, але "вынік ужо бачны".
Праўда, Алена Клімовіч сцвярджае, што цяпер работы будуць ісці з улікам новых дадзеных гістарычнай навукі. Зараз залы вызваляюць ад экспазіцыі, каб правесці архітэктурныя зандажы.
© Sputnik / Станислав АндросикРезультат реконструкции "виден издалека"
Результат реконструкции "виден издалека"
© Sputnik / Станислав Андросик
Калі казаць простай мовай, спецыяльна навучаныя людзі здымаюць пласт за пластом тынкоўку ў пэўных месцах на сцяне, каб бачыць, дзе былі аконныя ці дзвярныя праёмы, і як яна перабудоўвалася.
Трэба аддаць належнае чыноўніцы ад культуры: яна не хавае таго факта, што праектная прапанова архітэктара Уладзіміра Бачкова пра тое, дзе быў і як выглядаў ўваход у палац, не вытрымлівае крытыкі. Балазе вырашана правесці і археалагічныя даследаванні, якія пакажуць дакладнае месца.
Алена Клімовіч кажа, што цікавасць грамадскасці да ходу рэканструкцыі Старога замка ў Гродне высокая. І нядзіўна, бо гэта адзіная цалкам захаваная рэзідэнцыя караля, дзе да таго ж праводзіліся Соймы Рэчы Паспалітай.
© Sputnik / Станислав АндросикЧем обернется реставрация замка Батория, в Беларуси волнует многих
Чем обернется реставрация замка Батория, в Беларуси волнует многих
© Sputnik / Станислав Андросик
"Круглыя сталы даюць магчымасць пачуць адзін аднаго, пачуць абгрунтаваныя меркаванні і ўлічыць іх", - адзначыла начальнік упраўлення культуры.
Праўда, незразумела хто каго павінен быў пачуць і з кім дыскутаваць на круглым стале. Адказваючы на пытанне карэспандэнта Sputnik, чаму на кругам стале няма дакладаў спецыялістаў, якія непасрэдна займаюцца рэканструкцыяй замка, Алена Клімовіч сказала, "яны будуць выступаць на круглым стале па актуальных пытаннях, якія заяўлены на круглым стале".
Толькі вось сам аўтар архітэктурнага праекта Уладзімір Бачкоў нагадваў дэпутата сумнавядомага "маўклівага Сойму", які падвёў рысу пад існаваннем Рэчы Паспалітай, і старанна маўчаў. Архітэктар не абараняў свой праект, гэта прыйшлося рабіць іншым людзям.
Сярэднявечча пакутуе ў Гродне
Сапраўдным анекдотам стала спроба ўпрыгожыць вежу над ўязнымі варотамі сграфіта. Гэта такая складаная рэч, якая ўяўляе сабой нешта сярэдняе паміж роспісам і рэльефам.
Спецыялісты, якія працуюць над замкам Стэфана Баторыя, мабыць натхняліся дэкорам замка ў польскім Красічыне. Мясцовы замак упрыгожаны характэрнымі для эпохі Адраджэння сграфіта.
© Sputnik / Станислав АндросикБашню над въездными воротами украсили сграффито
Башню над въездными воротами украсили сграффито
© Sputnik / Станислав Андросик
Здавалася б, па храналогіі падыходзіць і працаваць па аналогіі дапушчальна. На справе аказалася, што скапіяваць чужыя сграфіта не так і проста. У тытулатуры караля Польскага і Вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя была дапушчана памылка. Вось тут можна пачытаць пра гэта больш падрабязна.
Варта аддаць належнае намаганням мясцовых уладаў, якія сочаць за крытыкай работ. Алена Клімовіч адзначыла, што ўсе памылкі выпраўляюцца, таму што працы яшчэ працягваюцца.
© Sputnik / Станислав АндросикОткрытую балюстраду на галерее между дворцом и воротами тоже называют "фантазией Бачкова"
Открытую балюстраду на галерее между дворцом и воротами тоже называют "фантазией Бачкова"
© Sputnik / Станислав Андросик
Цяпер, калі палацу Стэфана Баторыя трэба будзе перажыць другую чаргу рэканструкцыі, правядуць чарговыя раскопкі.
Пра тое, як на працягу двух гадоў беларускія археолагі вывучалі будучую будпляцоўку, распавяла загадчыца аддзела археалогіі Гродзенскага музея Наталля Кізюкевіч.
Гісторыкам, улічваючы аб'ём работ, давялося працаваць па выхадных і святах для таго, каб паспець даследаваць патрэбныя ўчасткі. Падчас раскопак на месцы, дзе потым пабудавалі камяніцу, археолагі знайшлі каменны брук XV - пачатку XVI стагоддзя.
Наталля Кізюкевіч канстатавала, што "гэта пацвярджае той факт, што камяніцы ў цяперашніх памерах там не было".
Атрымліваецца, што ва ўгоду ўзвядзеннюя будынка, дакладнасць якога выклікае пытанні, археолагі разабралі брук, а па камянях з 500-гадовай гісторыяй маглі б шпацыраваць турысты.
Зараз разабраная маставая ў выглядзе груды камянёў проста ляжыць у Гродзенскім музеі і лёс яе незайздросны - служыць у якасці матэрыялу для рамонту іншых брукаванак.
Апошні довад каралёў
Круглы стол у сваім завяршэнні нагадваў невялікую вайну. Даклад навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Мікалая Волкава з крытыкай праекту архітэктара Бачкова выклікаў бурную дыскусію.
Гісторык у чарговы раз звярнуў увагу на сур'ёзныя недахопы ў праекце рэканструкцыі, так як пры яго распрацоўцы не ў поўным аб'ёме улічаныя крыніцы і інвентары замка Баторыя.
Пры чым ён асобна адзначыў, што спроба стварыць у камяніцы экспазіцыю, прысвечаную каралеўскім чыноўнікам ці шляхце "супярэчыць логіцы саслоўнага грамадства, у якім кароль вышэйшы за астатніх".
Стэфан Баторый жыў у сваім палацы разам са сваім дваром і аховай, а "ўраднікі" жылі ў сваіх маёнтках у горадзе. Гэта пацвярджаюць ўспаміны Льва Сапегі, звязаныя са смерцю караля і вялікага князя, дзе ён наўпрост піша, што атрымаўшы навіну пра гібель кіраўніка канцлер і іншая ведаць стала з'язджацца ў палац.
Мікалай Волкаў лічыць, што неабходна правесці археалагічныя раскопкі на месцы меркаванага ўваходу ў палац і зандаж, каб не дапусціць памылку і не ўзвесці масіўны атык. Даследчык таксама раскрытыкаваў праект размяшчэння пакояў у палацы аўтарства архітэктара Бачкова.
У абарону праектнага рашэння выступіў архітэктар "Гроднажылпраекту" Алег Шымбарэцкі, які звярнуўся да кананічнасці малюнка замка Баторыя на гравюры Томаша Макавецкага.
Па словах архітэктара, дадзеныя археалогіі кажуць пра тое, што замак па замове Стэфана Баторыя быў не проста перабудаваны з замка Вітаўта, а фактычна пабудаваны нанова.
"Я не ўяўляю, што дойлід (Санці Гучы не ўзгадваўся ні разу - Sputnik) пакінуў элементы готыкі ў рэнесансным будынку", - упэўнены Алег Шымбарэцкі.
Архітэктар лічыць, што тэорыя Мікалая Волкава аб тым, як размяшчаліся каралеўскія пакоі і як выглядаў палац, пазбаўленыя архітэктурнай логікі. Ён настойвае на тым, што замак Баторыя меў адзінае архітэктурнае рашэнне і не уключаў у сябе больш раннія элементы, як гэта намалявана на малюнку Паўла Татарнікава.
Мікалай Волкаў звярнуў увагу на такі факт, што калі рэканструкцыя замка будзе праведзена без глыбокіх гістарычных даследаванняў, то гэта прывядзе да таго, што "пасля будуць знойдзеныя невядомыя цяпер крыніцы і па іх правядуць 3D рэканструкцыю. Атрымаецца, што вынік такой рэканструкцыі не супадзе з тым , што плануецца пабудаваць".
Гісторык лічыць, што гэта цалкам падарве давер да праведзенай работы і заклікаў апублікаваць праект другой чаргі рэканструкцыі палаца Баторыя, каб грамадскасць магла з ім азнаёміцца.
Сёння дзяржава выдзяляе каласальныя сродкі на рэстаўрацыю і рэканструкцыю Старога замка ў Гродне. Цяпер ні для каго не сакрэт, што ўжо першая чарга прайшла з памылкамі. Рэканструкцыя адзінай ацалелай каралеўскай рэзідэнцыі рызыкуе ператварыцца ў поўнамаштабную гістарычную фальсіфікацыю. Гэта будзе сапраўднай трагедыяй для Беларусі, таму што абяцае архітэктурнаму помніку такія змены, якіх ён не зведаў за ўсе войны, якія пракаціліся па нашай краіне за шмат стагоддзяў.