МІНСК, 22 ліс - Sputnik. Парламенцкія выбары ў Беларусі, якія адбыліся на мінулым тыдні, прайшлі адкрыта і ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, гаворыцца ў паведамленні Міністэрства замежных спраў Расіі.
Беларусы выбіралі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 17 лістапада: яўка, па дадзеных ЦВК рэспублікі, склала 77,22%. Выбары адбыліся ва ўсіх 110 акругах.
"Расійскі бок вітае паспяховае правядзенне ў Беларусі парламенцкіх выбараў, якія прайшлі пры поўнай павазе міжнародных дэмакратычных стандартаў", - сказалі ў расійскім знешнепалітычным ведамстве.
У МЗС РФ спадзяюцца, што новы склад беларускага парламента будзе эфектыўна працаваць з расійскім бокам, у тым ліку ў рамках Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
Ацэнка БДІПЧ – палітызаваная
У расійскім МЗС таксама выказалі пазіцыю РФ наконт ацэнкі выбараў Беларусі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ, якія назвалі іх недэмакратычнымі.
У ведамстве нагадалі, што назіральнікі ад СНД, ШАС, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі прызналі: дэпутаты абіраліся адкрыта, а самі выбары былі добра арганізаваны, адпавядалі нормам беларускага заканадаўства і міжнародным стандартам.
"Складваецца ўражанне, што гэтыя місіі працавалі ў розных краінах і ўжо дакладна прытрымліваліся розных правілаў і метадалогіі", - сказалі ў МЗС РФ.
Там таксама адзначылі, што ў СНД ужываецца кішынёўская Канвенцыя 2002 года аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод, а БДІПЧ працуе на прынцыпах, якія не зацвярджаліся дырэктыўнымі органамі АБСЕ.
Акрамя таго, многія дзяржавы, у тым ліку Расія, неаднаразова заклікалі да распрацоўкі ўзгодненых правіл назірання за выбарамі і вылучалі адпаведныя ініцыятывы.