МІНСК, 30 ліс - Sputnik. Памёр беларускі пісьменнік і драматург Анатоль Дзялендзік, пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook рэжысёр Юры Ялхоў.
"29 лістапада на 85-м годзе пайшоў з жыцця вядомы савецкі і беларускі пісьменнік і драматург Анатоль Андрэевіч Дзялендзік. Вечная яму памяць!" - напісаў Ялхоў.
Па адукацыі Анатоль Дзялендзік - урач-псіхіятр, 11 гадоў прапрацаваў у псіхіятрычнай клініцы. Потым скончыў Ленінградскі літаратурны інстытут і стаў пісаць апавяданні, п'есы, сцэнары.
У апошнія гады пісьменнік мала з'яўляўся на публіцы. Росквіт яго славы прыйшоўся на савецкія часы. Па яго п'есах беларускія тэатры ставілі спектаклі, а на "Беларусьфільме" экранізавалі сцэнары. Найбольш вядомыя - "Ваўкі ў зоне", "Анастасія Слуцкая" і іншыя. А сярод тэатральных пастановак па п'есах Дзялендзіка найбольш вядомыя - "Смак яблыка" і "Выклік багам". У Вялікім тэатры Беларусі зараз ідзе балет "Анастасія", лібрэта да якога таксама напісаў Анатоль Дзялендзік.