МІНСК, 4 сне - Sputnik. Павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў Беларусі ў наступным годзе складзе не больш за пяць долараў ЗША ў эквіваленце, паведаміў у аўторак першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец.
Раней дадзены парог штогадовага павелічэння лічбаў у жыроўках устанавіў прэзідэнт рэспублікі Аляксандр Лукашэнка. Так, тарыфы ў 2019-м падвышаліся ў два этапы: з 1 студзеня падаражэлі тэхабслугоўванне, капрамонт, водазабеспячэнне і каналізацыя, з 1 чэрвеня - гарачае водазабеспячэнне і ацяпленне. Пасля гэтага віцэ-прэм'ер Уладзімір Кухараў заявіў, што дадзены эксперымент урад прызнаў удалым, і такая практыка будзе працягнутая ў 2020-м.
"Мяркуецца рост тарыфаў (у 2020 годзе - Sputnik) не больш чым на пяць долараў, як гэта прадугледжана заканадаўствам", - цытуе БелТА словы Вежнаўца.
Ён таксама адзначыў, што ў цяперашні час ідзе падрыхтоўка праекта адпаведнага ўказа, якім будуць замацаваны пэўныя паказчыкі.
Намеснік міністра расказаў, што над дакументам працуюць спецыялісты Мінфіна, Мінжылкамгаса, Мінэнерга і МАРГ. Плануецца, што ў бліжэйшы час ён будзе ўнесены на разгляд Лукашэнкі, каб указ мог уступіць у сілу з 1 студзеня наступнага года.
Нагадаем, поўнае пакрыццё насельніцтвам затрат на жыллёва-камунальныя паслугі - адно з патрабаванняў міжнародных фінансавых структур, у тым ліку МВФ, для атрымання рэспублікай чарговых крэдытаў. Пры гэтым беларускія ўлады абралі іншую схему, адмовіўшыся ад рэзкага павелічэння тарыфаў: сумы ў жыроўках павышаць паступова і адначасова зніжаць сабекошт паслуг ЖКГ.