МІНСК, 10 сне - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім начальнік Генеральнага штаба і першы намеснік міністра абароны Алег Белаконеў звольнены ў запас, адпаведны дакумент размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Белаконеў на парламенцкіх выбарах, якія прайшлі ў кастрычніку ў рэспубліцы, быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Згодна з беларускім заканадаўствам ён не можа сумяшчаць пасаду начальніка Генштаба з дэпутацкай дзейнасцю.
"Загадваю: вызваліць генерал-маёра Белаконева Алега Аляксеевіча ад пасады начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першага намесніка міністра абароны", - гаворыцца ў тэксце ўказу.
Там таксама адзначаецца, што генерал звольнены з ваеннай службы ў запас з правам нашэння ваеннай формы адзення і знакаў адрознення.
Фактычна гэты ўказ прэзідэнта носіць тэхнічны характар, паколькі Белаконева для працы ў парламенце было неабходна вызваліць ад пасады, а зрабіць гэта можа толькі кіраўнік дзяржавы.
Белаконеў быў прызначаны начальнікам Генштаба і першым намеснікам міністра абароны ў студзені 2014 года. Да гэтага ён з'яўляўся камандуючым сіламі спецыяльных аперацый УС Беларусі.