МІНСК, 11 сне - Sputnik. На першым энергаблоку БелАЭС пачалі праводзіць гарачую абкатку абсталявання, пра гэта паведаміў віцэ-прэзідэнт - дырэктар праекта па ўзвядзенню БелАЭС АТ ІЧ "АСЭ" Віталь Палянін.
Гэты этап пусканаладачных работ перад фізічным пускам стане самым маштабным.
"Мы выйшлі на фінішную прамую праграмы падрыхтоўкі энергаблока да ффізпуску. Наступны этап пасля завяршэння гарачай абкаткі ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі энергаблока да фізічнага пуску - рэвізія асноўнага і дапаможнага абсталявання першага і другога контураў энергаблока", - цытуе Паляніна БелТА.
У працэсе гарачай абкаткі імітуецца праца энергаблока. Пры гэтым у рэактар загружаюцца імітатары цеплавыдзяляльных зборак. У ходзе гэтага этапу праверкі спецыялісты ацэняць працаздольнасць асноўнага абсталявання энергаблока і апрабуюць сістэмы абароны першага і другога контуру ад перавышэння ціску. На гэтым жа этапе выпрабуюць галоўныя цыркуляцыйныя помпы на халодных і гарачых параметрах рэактарнай устаноўкі.
Таксама падчас выпрабаванняў правядуць праверку сістэмы электрасілкавання ўласных патрэб БелАЭС у рэжымах перапынення і поўнага абясточвання энергаблока, змадэліруюць сітуацыю максімальнай праектнай аварыі.
Раней паведамлялася, што фізічны пуск Беларускай АЭС у Астраўцы перанесены з канца 2019 года на студзень 2020. Пры гэтым канкрэтная дата пуску будзе залежаць ад тэрмінаў завозу ядзернага паліва і яго прыёмкі на станцыі.