Традыцыі Адвэнту: Рараты

© Sputnik / Марына ВаласарВернікі ў касцёле падчас Раратаў
Вернікі ў касцёле падчас Раратаў - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Католікі Беларусі зараз перажываюць перадкалядны перыяд, які называецца Адвэнтам. Часцей за ўсё гэты час успрымаецца як перыяд посту, але гэта не зусім так. Адвэнт – паводле каталіцкага вучэння, гэта найперш час радаснага чакання на прыйсце Збаўцы Езуса Хрыста.

Марына Валасар, Sputnik.

З Вульгаты (лацінскі пераклад Святога пісання, заснаваны на працах Іероніма Стрыдонскага, - Sputnik) слова "Адвэнт " перакладаецца "прыйсце". Першая нядзеля Адвэнту лічыцца 4-й нядзеляй да Божага Нараджэння. Менавіта ў першую нядзелю Адвэнту, якая сёлета прыпадала на 1 снежня, у Каталіцкім Касцёле распачынаецца літургічны год.

Адвэнт падзяляецца на 2 перыяды. Першы прысвечаны чаканню на паўторнае прыйсце Езуса Хрыста ў Судны Дзень і доўжыцца ён ад першай нядзелі да 16 снежня. Другі перыяд - з 17 па 24 снежня – прысвечаны непасрэдна падрыхтоўцы да святаў Нараджэння Езуса.

Традыцыі Адвэнту

Асноўнымі традыцыямі Адвэнту лічацца Адвэнтавы вянок, Адвэнтавы каляндар, а таксама Рараты.

Рараты – гэта адмысловыя святыя службы або  імшы ў касцёлах, на пачатку якіх вернікі ў цемры запальваюць свечкі і спяваюць песні ў гонар Маці Божай.

© Sputnik / Марына ВаласарВернікі ў касцёле падчас Раратаў
Традыцыі Адвэнту: Рараты - Sputnik Беларусь
Вернікі ў касцёле падчас Раратаў

Сваю назву Рараты атрымалі ад назвы каталіцкай песні на лацінскай мове "Rorate coeli desuper " ("Дайце, нябёсы, росы з вышыняў "). Менавіта таму яе і спяваюць часцей за ўсё на пачатку раратніх імшаў. Раса тут параўноўваецца з Езусам, які, гэтак сама як і раса, дае неабходную ваду для таго, хто яго чакае.

На нашыя землі традыцыя Раратніх Імшаў прыйшла з Захаду, дзе была вядомая яшчэ з XIII стагоддзя.

Па традыцыі Рараты адбываюцца раніцай перад узыходам сонца. На пачатку такіх службаў у касцёлах гасіцца святло, а вернікі запальваюць свае свечкі ці знічы, якія яны прынеслі ў святыню з дому. Потым, падчас асаблівай малітвы-гімна "Хвала на вышынях Богу" ўключаецца святло, свечкі гасяцца і служба працягваецца як звычайна.

Нараджэнне Хрыстова - Sputnik Беларусь
Калядны пост: да пуцяводнай Каляднай зоркі засталося 40 дзён

Свечкі – гэта сімвал добрых учынкаў, якія неабходна "збіраць" на працягу ўсяго перыяду Адвэнту. Добрыя ўчынкі, як свечкі, якія асвятляюць цемру, дапамогуць асвятліць цемру граху ў душы чалавека і паказаць Езусу дарогу да яго сэрца.

Зараз, аднак, таксама Раратнія Імшы адбываюцца і ўвечары, каб у іх маглі ўдзельнічаць малыя дзеці.

Рараты звязаныя з Маці Божай – Марыяй. Яна, "як ранішняя зорка, што апярэджвае ўсход сонца, папярэдзіла прыход Езуса Хрыста – Збаўцу ўсяго свету".

Падчас Раратняй Імшы, акрамя маленькіх свечак і знічоў, запальваецца адна вялікая свечка, якая называецца – Раратка. Гэта таксама сімвал Марыі, якая для ўсіх католікаў паказвае прыклад чакання і прыпадабнення Богу. Менавіта Маці Божая з’яўляецца апякункай каляднага чакання.

Звычайна Раратка мае белы, або светла-жоўты колер, перавязваецца белай, або блакітнай стужкай і ўпрыгожваецца зеленню ці ліліямі. Гэтую свечку ставяць у сярэдзіну адвэнтавага вянка, або каля алтара.

Тут таксама ёсць свая сімволіка. Белая стужка – сімвал чысціні і беззаганнага цнатлівага зачацця Марыі. Зеляніна – сімвал надзеі, якую Марыя прынесла для ўсяго свету ў асобе Езуса Хрыста; блакітная стужка і ліліі – сімвал самой Марыі.

Стужка навiн
0