МІНСК, 18 сне - Sputnik. Прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў правялі тэлефонную размову, падчас якой узгаднілі выпрацаваныя прапановы па развіцці інтэграцыі краін у рамках Саюзнай дзяржавы, паведамілі ў прэс-службе Савета міністраў.
Кіраўнікі ўрадаў пагутарылі ў сераду 18 снежня па ініцыятыве беларускага прэм'ера.
"Падчас размовы бакі абмеркавалі і ўзгаднілі вынікі праведзеных напярэдадні перагавораў кіраўнікоў працоўнай групы па выпрацоўцы прапаноў аб далейшым развіцці беларуска-расійскай інтэграцыі", - сказалі ў прэс-службе.
Там таксама адзначылі, што Румас і Мядзведзеў дамовіліся праінфармаваць прэзідэнтаў дзвюх краін аб выніках перамоў міністраў Дзмітрыя Крутога і Максіма Арэшкіна, якія ўзначальваюць працоўную групу па інтэграцыі.
Чарговая сустрэча прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, прысвечаная інтэграцыі Беларусі і Расіі, пройдзе 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу. Чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць ключавыя пытанні, дамоўленасці па якіх пакуль не дасягнуты, у прыватнасці энергетычную сферу. Раней беларускі лідар не выключаў, што дадзеныя перамовы могуць быць не апошнімі ў бягучым годзе.