МІНСК, 23 сне - Sputnik. Галоўным крытэрыем работы павінна быць не колькасць выяўленых парушэнняў і выпісаных штрафаў, а прафілактыка і фактычнае скарачэнне адміністрацыйных правін, заявіў прэзідэнт на нядаўняй нарадзе. Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП) чакае сур'ёзная дапрацоўка, паведамілі ў "Галоўным эфіры" на тэлеканале "Беларусь-1".
Адміністрацыйка стане хутчэй
За 5 гадоў у Беларусі зарэгістравана 16 мільёнаў адміністрацыйных парушэнняў. Асноўная частка з іх - каля 80% - тычацца бяспекі дарожнага руху.
"Калі грамадзянін гатовы аплаціць штраф на месцы, то гэта не павінна быць перашкодай для далейшых яго прызначэнняў, прасоўвання па службе і гэтак далей. Гэта не павінна быць тым правапарушэннем, якое пацягне сур'ёзныя наступствы для яго", - заявіла намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Чупрыс.
Яна будзе курыраваць працу групы, якая зоймецца перапрацоўкай нормаў КаАП. У склад групы ўвойдуць кіраўнікі дзяржорганаў, парламентарыі, навукоўцы і практыкуючыя юрысты.
Якіх зменаў чакаць
У першую чаргу зменіцца градацыя адміністрацыйных правапарушэнняў. Як і ў Крымінальным кодэксе, іх падзеляць на менш цяжкія і больш цяжкія.
Як заявіў у эфіры тэлеканала міністр МУС Юрый Караеў, па многіх пунктах неабходна агледзецца і там, дзе ёсць магчымасць, замяніць штраф папярэджаннем.
"Чалавек у адказ будзе ўдзячны, што не сталі з ім разбірацца, высвятляць яго асобу, складаць пратакол, адбіраць у яго час, грошы і добры настрой. У гэтым сэнс", - адзначыў Караеў.
Плануецца, што выплату штрафаў паскораць, а прымяненне тэхнічных сродкаў, пасля якіх вадзіцелі атрымліваюць звыклыя і шматлікія "лісты шчасця" са штрафамі, строга рэгламентуюць, што будзе прапісана ў асобным раздзеле кодэкса.
Супрацоўнікам ДАІ рэкамендуюць падыходзіць да кожнага выпадку дыферэнцыравана. Зрэшты, як ужо заявілі ў ведамстве, у некаторых выпадках змякчэння адказнасці дакладна чакаць не варта. Гэта датычыцца "п'янага" ваджэння, няпропуска пешахода і праезду на чырвонае святло.
Праз паўгода рабочая група павінна даць новы КаАП на разгляд прэзідэнту.