МІНСК, 4 сту - Sputnik. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел звярнуўся да суайчыннікаў з калядным пасланнем, яно размешчана на афіцыйным партале Беларускай праваслаўнай царквы.
"Сардэчна віншую ўсіх вас з прамяністым і спасіцельным святам Нараджэння Хрыстова (...). Гэта зусім асаблівае свята," - гаворыцца ў пасланні мітрапаліта.
Прыведзены ў ім таксама словы свяціцеля Льва Вялікага: "ніхто не адлучаны ад удзелу ў гэтай радасці, бо нагода да радасці агульная для ўсіх". Адзначаецца, што вернікам неабходна імкнуцца "прыдбаць мірнае размяшчэнне духу, стаўшы для свайго бліжэйшага асяроддзя дабрашчаснымі міратворцамі".
"Наша хрысціянская місія - рабіць дабро не ад выпадку да выпадку, але рэгулярна і пастаянна. У нашых сілах, з дапамогай Божай, рабіць добрыя справы кожны дзень (...). Калі мы будзем праяўляць больш цярпення, чуласці, увагі, павагі адзін да аднаго, калі будзем прабачаць і маліцца адзін за аднаго, то свет, у якім мы жывем, стане лепшым", - падкрэслівае ў звароце мітрапаліт Павел.
Завяршаецца пасланне сардэчным віншаваннем з будучым святам, адрасаваным архіпастырам, пастырам, законнікам і ўсім парафіянам.