МІНСК, 7 сту - Sputnik. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у панядзелак пагутарыў па тэлефоне з Дзяржаўным сакратаром ЗША Майклам Пампеа, паведаміла прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.
Пампея падчас размовы растлумачыў, чаму быў перанесены тэрмін яго візіту ў Беларусь. Уладзімір Макей у сваю чаргу пацвердзіў гатоўнасць беларускага боку прыняць Дзяржаўнага сакратара ЗША з візітам ва ўзаемапрымальныя даты. Акрамя таго, у ходзе размовы была адзначана важнасць адкрытага абмену думкамі па пытаннях развіцця двухбаковых адносінаў, сітуацыі ў рэгіёне і свеце ў цэлым.
Бакі таксама абмеркавалі сітуацыю ў блізкаўсходнім рэгіёне. У сувязі з гэтым Уладзімір Макей выказаў асуджэнне любых дзеянняў, якія парушаюць прадугледжаныя Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах прывілеі і імунітэты дыпламатычных прадстаўніцтваў.
Беларускі міністр таксама заявіў, што наша краіна заклікае ўсе бакі праяўляць стрыманасць і імкнуцца да дээскалацыі напружанасці, а таксама падкрэсліў неабходнасць захавання прынцыпаў міжнароднага права ў мэтах устойлівага забеспячэння міжнароднай бяспекі ў глабальным і рэгіянальным вымярэннях.
Майкла Пампеа чакалі ў Мінску 4 студзеня, аднак за некалькі дзён да яго прыезду стала вядома, што візіт амерыканскага дзяржсакратара адкладаецца. Прычынай стала абвастрэнне сітуацыі на Блізкім Усходзе.
"Дзяржсакратар Пампеа вымушаны адкласці свой візіт на Украіну, у Беларусь, Казахстан, Узбекістан і на Кіпр з-за неабходнасці знаходзіцца ў Вашынгтоне і сачыць за бягучай сітуацыяй у Іраку і забяспечваць бяспеку амерыканцаў на Блізкім Усходзе", - патлумачыў афіцыйны прадстаўнік дзярждэпартамента Морган Ортагус.