МІНСК, 10 сту - Sputnik. Французскае выданне Le Figaro уключыла Беларусь у дваццатку лепшых напрамкаў для турызму ў бягучым годзе.
Газета назвала рэспубліку спячай прыгажуняй Еўропы і адной з найменш наведвальных турыстамі краін кантынента.
У якасці турыстычных вартасцяў выдзелена тое, што Беларусь з'яўляецца радзімай сусветна вядомага мастака Марка Шагала, мае шырокія лясы і шматлікія нацыянальныя паркі, дзе водзяцца звяры, якія ўжо не сустракаюцца ў краінах Заходняй Еўропы. Выданне таксама адзначае архітэктурную спадчыну Мінска, якая можа быць цікавай для французаў.
Акрамя таго, падкрэсліваецца, што французскія турысты могуць прыехаць у рэспубліку без візы, а гэта несумнеўны плюс пры планаванні падарожжаў.
У 20 лепшых турыстычных напрамкаў па версіі Le Figaro таксама ўвайшлі астравы Кука, Мадагаскар, Заходняя Аўстралія, Дзікі бераг у ПАР, Суматра, Барбадас, Абу-Дабі, грузінская Сванетыя, Альпы ў Славеніі, Куба, італьянскі рэгіён Апулія, японскі паўвостраў Кіі, Гаваі , філіпінскі востраў Палаван, даліна Ніла, астравы Сен-П'ер і Міквэлон, Коста-Рыка, Ніжняя Каліфорнія ў Мексіцы і бразільскі рэгіён Нордэстэ.