МІНСК, 20 сту - Sputnik. Сабекошт шкляной і пластыкавай упакоўкі прыкладна аднолькавы, заявіў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў на мінулым тыдні ўказ №16 "Аб удасканаленні парадку абыходжання з адходамі тавараў і ўпакоўкі". Сярод іншага, дакумент здымае абмежаванні на прымяненне вытворцамі ўласнай сістэмы збору адходаў папяровай і кардоннай упакоўкі. Таксама стымулюецца выкарыстанне экалагічнай упакоўкі.
"Пакупнік і сёння аплачвае ўпакоўку, сабекошт шкла і пластыка прыкладна аднолькавы. Вядома, для ўкаранення сістэмы патрэбныя інвестыцыі. Некаторыя прадпрыемствы ўжо пайшлі па гэтым шляху. Да прыкладу, Рагачоўскі малочны завод збірае ўласную шклотару, стэрылізуе і зноў разлівае прадукцыю. Адным можа быць больш выгадна яе сабраць і зноў выкарыстоўваць. Іншыя будуць збіраць і пераплаўляць шклабой. Пластыкавыя бутэлькі ніхто мыць не збіраецца, але іх таксама можна выкарыстоўваць зноў пасля перапрацоўкі", - адзначыў намеснік міністра, яго сло ва прыводзіць "СБ".
Каго закране змяненне - дык гэта аматараў піва. Яго не будуць выпускаць у пластыкавых бутэльках больш аднаго літра. І гэта пытанне не толькі экалогіі, але і культуры піцця.
"Мяркуецца, што праз два гады 1,5 і 2-літровых пластыкавых бутэлек з такімі вадкасцямі нашы прадпрыемствы выпускаць не будуць. Калі хочуць, могуць перайсці на шкло. У пакупніка будзе зацікаўленасць, каб здаць такую бутэльку ў краме і атрымаць кампенсацыю", - адзначыў Корбут.
Калі казаць пра пакеты, то змогуць беларусы купіць і папяровыя пакеты, і біяраскладальныя.
"Цана будзе залежаць ад аб'ёмаў вытворчасці. Да прыкладу, у Еўропе пластыкавыя каштуюць даражэй папяровых. Сёння аб'ём вытворчасці апошніх у нас у краіне нязначны, таму яны дарагія. Вырастуць аб'ёмы - знізіцца цана. Увесь свет адмаўляецца ад пластыка і пераходзіць на паперу, шкло, і мы не застанемся ўбаку. Рэалізоўвацца гэта будзе на Шклоўскай папяровай фабрыцы і ў Светлагорску. Даручэнні перайсці на экалагічную ўпакоўку атрымалі прадпрыемствы Мінсельгасхарча і Белдзяржхарчпрама. Гэта выгадна і спажыўцу. Вы ж ведаеце, што тэрмін захоўвання ў паперы менш? Затое купляеце больш свежы прадукт", - дадаў намеснік кіраўніка Мінпрыроды.