МІНСК, 21 сту - Sputnik. Расія будзе аказваць падтрымку новаму генсеку АДКБ Станіславу Засю пры рэалізацыі задач, якія стаяць перад арганізацыяй у бягучым годзе, заявіў выконваючы абавязкі міністра замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў.
У панядзелак Зась і Лаўроў правялі ў Маскве перамовы, у ходзе якіх абмеркавалі актуальныя пытанні дзейнасці Арганізацыі, а таксама падрыхтоўку будучых пасяджэнняў яе органаў.
"Упэўнены, што ваш багаты палітычны вопыт на ўсіх папярэдніх пасадах, уключаючы ў Савеце бяспекі Рэспублікі Беларусь, зробіць вашу працу эфектыўнай, а мы абавязуемся падтрымліваць вас і дзейнасць Сакратарыята Арганізацыі па выкананні рашэнняў, якія прымаюцца кіраўнікамі дзяржаў АДКБ", - сказаў Лаўроў.
У сваю чаргу генеральны сакратар АДКБ адзначыў, што рух у гэтым напрамку ўжо распачаты, распрацаваны адпаведны план, які ў лютым будзе прадстаўлены старшыні СКБ АДКБ - расійскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну.
Гадавіна Перамогі
Зась і Лаўроў падчас размовы закранулі тэму 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якому ў краінах - членах АДКБ будзе прысвечаны шэраг мерапрыемстваў.
Генеральны сакратар арганізацыі адзначыў, што праўду пра Перамогу трэба адстойваць, процідзейнічаць спробам яе фальсіфікацыі, гэта адзін з кірункаў дзейнасці, якім будзе займацца АДКБ.
Лаўроў падкрэсліў, што ў дадзеным працэсе акрамя мемарыяльнага і палітычнага складніка, ёсць прававы аспект - прававыя вынікі Другой сусветнай зараз падвяргаюцца сумневу, што недапушчальна. У дзяржаў - членаў АДКБ па гэтым пытанні адзіная пазіцыя, і трэба яе прасоўваць.