МІНСК, 22 сту - Sputnik. Кааперацыя краін СНД у касмічных даследаваннях дазволіць паскорыць развіццё гэтай сферы, сказаў старшыня НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, перадае карэспандэнт Sputnik.
Паводле яго слоў, стварэнне Міждзяржсавета па космасе было ўзгоднена на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Першае пасяджэнне савета праходзіць сёння ў Мінску.
"Гэта гістарычны факт і гістарычны момант", - адзначыў кіраўнік НАН Беларусі.
У рабоце пасяджэння савета прымаюць удзел прадстаўнікі касмічнай галіны Беларусі, Расіі, Казахстана і Арменіі. Міждзяржсавет з'яўляецца адкрытым, да яго могуць далучыцца і іншыя краіны.
"Мы спадзяемся, што і іншыя члены СНД будуць уступаць, і ўжо ёсць дамоўленасці. На першым пасяджэнні мы абмяркуем шэраг праблем", - распавёў Уладзімір Гусакоў.
Плануецца абмеркаваць стварэнне аб'яднанай арбітальнай групоўкі спадарожнікаў, таму што пакуль краіны СНД развівалі гэтую сферу паасобку.
На думку беларускага вучонага, неабходна скаардынаваць нацыянальныя праграмы па вывучэнні космасу.
"Раней кожная краіна асобна рабіла здымкі з космасу. Цяпер будзе магчымасць абменьвацца інфармацыяй, інтэграваць сістэмы кіравання, апрацоўкі інфармацыі з космасу", - падкрэсліў старшыня прэзідыума НАН Беларусі.
Прычым ён дадаў, што неабходна працаваць у кааперацыі, паколькі гэта павысіць эфектыўнасць. Пакуль у савеце прымаюць удзел чатыры дзяржавы, але магчыма пашырэнне колькасці ўдзельнікаў, яго пасяджэнні будуць праходзіць кожны год, наступнае адбудзецца ў Расіі.
На думку Уладзіміра Гусакова, менавіта расійскі бок з'яўляецца вядучым у сферы асваення космасу. Беларускія навукоўцы актыўна супрацоўнічаюць з калегамі з Расіі.
"Адчуваецца патрэба ў кааперацыі на прасторы былога Савецкага Саюза ў гэтай галіне", - лічыць Уладзімір Гусакоў.
Пры гэтым ён канстатаваў, што краіны, якія стварылі свае аўтаномныя сістэмы, сутыкнуліся з тым, што яны вельмі дарагія.
Першым пытаннем, якое абмяркоўвалася на Міждзяржсавеце, стала абранне яго старшыні. Аднагалосна была падтрымана кандыдатура старшыні прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова.
У працы савета СНД па космасе прыняў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў.