МІНСК, 29 сту - Sputnik. Дакументы па спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Нарвегіяй будуць распрацаваны ў максімальна кароткія тэрміны, пра гэта паведамілі ў прэс-службе МЗС РБ.
Рашэнне аб гэтым было прынята напярэдадні ў Осла падчас чарговых кансультацый паміж дэлегацыямі прадстаўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін.
Беларускую дэлегацыю на перамовах узначаліў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, нарвежскую - дзяржаўны сакратар міністэрства замежных спраў Аўдун Халворсэн.
Акрамя таго, бакі маюць намер наладзіць супрацоўніцтва ў пытаннях ядзернай бяспекі - дыпламаты адзначылі намаганні профільных ведамстваў дзвюх краін па ўзгадненні праекта пагаднення аб узаемадзеянні паміж нацыянальнымі органамі па ядзернай бяспецы.
У рамках кансультацый была адзначана і актывізацыя беларуска-нарвежскага ўзаемадзеяння ў апошнія гады. Дэлегацыі абмеркавалі пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння, палітычных адносін, а таксама міжнароднага ўзаемадзеяння ў АБСЕ і ААН. Былі закрануты пытанні і міжнароднай бяспекі, развіцця адносінаў з ЕС, Саветам Еўропы і трэцімі краінамі.
Нагадаем, што на пачатку студзеня гэтага года паміж Беларуссю і Еўрасаюзам было падпісана пагадненне, якое прадугледжвае спрашчэнне візавых працэдур, а таксама зніжэнне кошту шэнгенскай візы для беларусаў з 80 да 35 еўра. У сілу рашэнне ўступіць на пачатку лета.