МІНСК, 8 лют - Sputnik. Беларуска Аляксандра Раманоўская атрымала перамогу ў лыжнай акрабатыцы на этапе Кубка свету па фрыстайле, які прымае амерыканскі горад Дзір-Вэлі.
Чэмпіёнка свету-2019 Раманоўская паказала вынік 106,74, ўладальніца срэбра амерыканка Меган Нік набрала толькі 83,79 бала, аўстралійка Эбі Уілкакс з 81,78 бала заняла трэцяе месца.
Яшчэ адна беларуска, алімпійская чэмпіёнка Ганна Гуськова, у выніковым пратаколе знаходзіцца на 13-м месцы (72,45 бала).
У гэтай дысцыпліне спаборнічалі і мужчыны. Беларус Максім Гусцік паказаў сёмы вынік, у Паўла Дзіка - 14-е месца, Дзмітрый Мазуркевіч заняў перадапошняе, 24-е месца.