МІНСК, 9 лют - Sputnik. Беларускія тэнісісткі абыгралі каманду Нідэрландаў у матчы Кубка Федэрацыі, паведамляе Sputnik.
У суботу ў Гаазе адбыўся другі гульнявы дзень - заўзятары сталі сведкамі дзвюх адзіночных і адной парнай сустрэчы. Пасля першага дня лік у матчы быў 1:1.
Першымі на корт выйшлі Арына Сабоаленка і Кікі Бертэнс. Прадстаўніца Нідэрландаў вывела сваю каманду наперад - 2:1. У наступным супрацьстаянні Аляксандра Сасновіч - Аранча Рус перамогу святкавала беларуска, і лік у матчы стаў 2:2.
Пераможца матчу вызначыўся ў парнай сустрэчы. Планавалася, што Лідзія Марозава і Вольга Гаварцова згуляюць супраць Леслі Керхаў і Дэмі Схюрс. Але капітаны абедзвюх каманд зрабілі замену: Сабаленка/Сасновіч супраць Бертэнс/Схюрс.
Мацнейшымі былі беларускія тэнісісткі - 4:6, 6:3, 7:6 (10:8). Гульня працягвалася 2 гадзіны 24 хвіліны.
Дарэчы, Сабаленка ўпершыню ў кар'еры выйграла парны матч у складзе беларускай зборнай.
Дзякуючы перамозе над Нідэрландамі Беларусь выйшла ў фінальны раунд Кубка Федэрацыі. Ён адбудзецца ў Будапешце 9-14 красавіка.