МІНСК, 19 лют - Sputnik. Палітычнага падтэксту ў карэкціроўцы дзяржаўных сімвалаў няма, заявіў у сераду міністр юстыцыі Беларусі Алег Сліжэўскі.
Спецыялісты падрыхтавалі праект змяненняў у закон аб дзяржаўных сімвалах, які прадугледжвае ўнясенне пэўных змяненняў у герб. Як заявіў кіраўнік Мінюста ў гутарцы са студэнтамі БНТУ, гэтая тэма выклікала шырокі грамадскі рэзананс.
"Адзін з момантаў, які хвалюе многіх: колькі сродкаў спатрэбіцца на тое, каб потым прывесці ў адпаведнасць дзейсныя сімвалы, якія выкарыстоўваюцца ў кабінетах, на будынках, бланках, пячатках. Хачу ўсіх праінфармаваць і супакоіць: ніякіх сродкаў дадаткова выдзяляць не плануецца. Згодна з праектам , замена дзеючых знакаў і атрыбутыкі з нашай сімволікай будзе ажыццяўляцца ў натуральным парадку: гэта значыць калі заканчваюцца дзейсныя бланкі - будуць заказвацца новыя ў адпаведнасці з новымі стандартамі. Дадатковых сродкаў, бюджэтных і небюджэтных, на гэта не спатрэбіцца", - адзначыў Сліжэўскі.
Як нагадаў міністр, канцэптуальна эталонны малюнак асноўнага сімвала - дзяржаўнага герба - не змяняецца, плануецца карэкціроўка некаторых яго элементаў. Таксама праектам закона прадугледжана апісанне і эталонны малюнак дзяржаўнага сцяга, чаго не было зроблена раней.
"Калі рыхтаваўся эскіз новай сімволікі, ніякага палітычнага падтэксту ў гэта не ўкладвалася. Цалкам лагічна, што наша краіна і абрысы мяжы рэспублікі павінны знаходзіцца ў цэнтры малюнка зямнога шара, а не дзесьці ў куце. Гэта цалкам відавочна", - сказаў на заканчэнне Сліжэўскі, яго словы прывяла БелТА.