МІНСК, 20 лют - Sputnik. Праверка гатоўнасці да завозу свежага ядзернага паліва праходзіць на Беларускай АЭС, паведамілі ў дэпартаменце па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) Беларусі.
Раней паведамлялася, што ядзернае паліва на БелАЭС плануецца завезці ў першым квартале 2020 года.
"17 лютага ў мэтах праверкі гатоўнасці дзяржаўнага прадпрыемства "Беларуская АЭС" да завозу свежага ядзернага паліва, а таксама правядзення ацэнкі адпаведнасці прынятых ГП "Беларуская АЭС" арганізацыйных і тэхнічных рашэнняў, патрабаванням нарматыўных прававых актаў, у тым ліку тэхнічных нарматыўных прававых актаў, у галіне забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі і іх дастатковасці для абыходжання з ядзерным палівам, пачалася адпаведная мэтавая праверка Дзяржатамнагляду", - гаворыцца ў паведамленні на сайце ведамства.
У дэпартаменце дадалі, што праверкай займаецца спецыяльная група Дзяржатамнагляду. Неабходныя мерапрыемствы могуць заняць 30 дзён.
Беларуская АЭС будуецца ў Гродзенскай вобласці рэспублікі. Для яе абраны АЭС-2006 - тыпавы расійскі праект станцыі новага пакалення "тры плюс" з палепшанымі тэхніка-эканамічнымі паказчыкамі, які адпавядае самым сучасным нормам бяспекі, патрабаванням прыродаахоўнага і санітарна-гігіенічнага заканадаўства. АЭС будзе складацца з двух энергаблокаў з рэактарнай устаноўкай ВВЭР-1200. Пуск энергаблока №1 плануецца ў гэтым годзе. Мінэнерга Беларусі таксама прымае меры для ўвядзення ў эксплуатацыю другога энергаблока БелАЭС у 2021 годзе.