У мінулыя выхадныя ўся Беларусь кружылася ў масленічным карагодзе. Гараджане і вяскоўцы з імпэтам танчылі і спявалі каля вогнішчаў, праваджаючы зіму і заклікаючы вясну. Хаця другую ў гэтым годзе нават клікаць не прыходзіцца, амаль месяц ужо запраўляе надвор’ем, палохаючы метэаролагаў.
Не засталіся ў баку і жыхары гарадка Мір, пра які, дзякуючы мясцовай славутасці – Мірскаму замку – ведае нават лянівы. Завітаў на гэтае свята і фотакарэспандэнт Альфрэд Мікус.
Блінцы тут гатавалі ў двары замка, палохаючы духаў і прывідаў гучнымі спевамі і смачнымі пахамі. Мёд, варэнне і гарбата ліліся ракой беларускай гасціннасці, збіваючы ўсё на сваім шляху.
Для тых, хто памятаў пра хуткі надыход лета і не хацеў "упрыгожваць" фігуру вугляводамі арганізатары падрыхтавалі шмат конкурсаў і майстар-класаў, якія асабліва прыйшліся да спадобы дзецям – бойкі мяхамі, забегі з блінцамі, біццё керамічных гарлачыкаў і зімовая рыбалка.
Скончылася свята традыцыйным спальванне Масленіцы і танцамі каля вогнішча, якое ад першабытных карагодаў адрознівалася толькі суправаджэннем ратавальнікаў.
А па весялосці і гучнасці продкі дакладна маглі б пазайздросціць.