МІНСК, 2 сак - Sputnik. Крытэры і падыходы да памілавання ў індывідуальным парадку асоб, якія асуджаны за збыт наркотыкаў, прапрацоўваюць у Беларусі, распавёў міністр унутраных спраў Юрый Караеў у эфіры праграмы "Галоўны эфір", якая выйшла ў нядзелю на тэлеканале "Беларусь 1".
Дадзеным пытаннем займаюцца сумесна Дэпартамэнт выкананьня пакаранняў, суд і пракуратура. Міністр удакладніў, што крытэрамі памілавання могуць стаць паводзіны ў месцах пазбаўлення волі, раскаянне ў зробленым, даручальніцтва сваякоў або блізкіх, адбыццё паловы тэрміну.
Караеў адзначыў, што за апошнія пяць гадоў у Беларусі дасягнуты значныя поспехі ў барацьбе з нарказлачыннасцю. Галоўным дасягненнем ён назваў тое, што з 2015 года не было зафіксавана ніводнага выпадку смерці ад перадазіроўкі асобы, якая не дасягнула паўналецця.
Дасягнута гэта ў тым ліку і за кошт комплекснага падыходу да пытання з пункту гледжання заканадаўства, прафілактыкі і раскрыцця злачынстваў.
У гэтым кантэксце Юрый Караеў прывёў у прыклад павелічэнне тэрмінаў за распаўсюджванне наркотыкаў у школах, клубах, рэстаранах, на дыскатэках - санкцыя за падобнае злачынства можа дасягаць 20 гадоў.
"Падвышаная адказнасць пераследуе і гаспадароў гэтых устаноў", - удакладніў міністр.
Пры гэтым, хоць нарказлачынстваў становіцца менш, наркапагроза ўзрастае. Гэта звязана з тым, што Беларусь выкарыстоўваюць як транзітную дзяржаву.
"Так, у сябе мы змагаемся з ужываннем і збытам. Але не можам абыякава глядзець, як міма нас праплываюць гэтыя патокі", - сказаў міністр.
Ён падкрэсліў, што для дзелавой рэпутацыі Беларусі, для іміджу краіны ў цэлым і праваахоўных органаў у прыватнасці "вельмі важна не быць празрыстай тэрыторыяй для нарказбытчыкаў".