МІНСК, 11 сак - Sputnik. Дзяржпагранкамітэт Беларусі падпіша Мемарандум аб супрацоўніцтве з ЮНІСЭФ, пра гэта паведамілі ў прэс-службе ведамства.
У мінулы аўторак старшыня ДПК генерал-маёр Анатоль Лапо сустрэўся з кіраўніком прадстаўніцтва ЮНІСЭФ у Беларусі доктарам Рашэдам Мустафой Сарварам. Яны абмеркавалі тэмы развіцця інфраструктуры на беларускай мяжы у 2019 годзе, нерэгулярнай міграцыі і перспектыў супрацоўніцтва ў рэалізацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі.
Асаблівую ўвагу надалі абмеркаванню сітуацыі з незаконнай міграцыяй людзей з дзецьмі.
"У такіх выпадках мы ствараем спрыяльныя ўмовы для размяшчэння маці з дзецьмі. Адзначу, што яны знаходзяцца не ў памяшканнях закрытага тыпу, а ў медпунктах воінскіх частак, дзе ім аказваецца неабходная медыцынская і псіхалагічная дапамога. Мы актыўна супрацоўнічаем з міжнароднымі арганізацыямі, якія, па магчымасці, аказваюць гуманітарную дапамогу такім сем'ям", - падкрэсліў Лапо.
Прадстаўнік ЮНІСЭФ адзначыў, што арганізацыя зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з Дзяржпагранкамітэтам Беларусі.
"Дзеці павінны бачыць мяжу адкрытай і прыязнай. У бліжэйшы час мы падпішам Мемарандум аб супрацоўніцтве, і пачнем працаваць па тэмах, якія адказваюць інтарэсам нашых арганізацый", - растлумачыў Рашэд Мустафа Сарвар.
У ДПК таксама нагадалі, што гатовыя падтрымаць ініцыятыву ЮНІСЭФ па прасоўванні праекта "Межы, адкрытыя да дзяцей". Па словах кіраўніка пагранічнага ведамства, памежнікі зацікаўленыя ў развіцці інфраструктуры для дзяцей у пунктах пропуску, на памежных заставах і ў цэнтрах ўтрымання замежнікаў.