Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў паказаў, чым сёлета адметны ўжо штогадовы праект "Я Манэ. Я Шышкін. Я Малевіч".
Кожны, хто лічыць сябе мастаком, мог прыйсці ў цэнтр, дзе куратарская група на працягу трох дзён прымала ў парадку жывой чаргі па адной працы ад кожнага майстра. Выстава адкрылася ў Мінску ў чацвёрты раз.
"Я думаю, што за гэтыя гады праект эвалюцыянаваў, людзі сюды ідуць больш свядома. У першы год гэта была, хутчэй, авантура для многіх удзельнікаў. Зараз людзі рыхтуюцца, і мне бачны рост тэхнікі і майстэрства шматлікіх мастакоў, якія з году ў год прымаюць ўдзел у выставе", - паведаміла куратар выставы Вольга Кліп.
Падчас прэс-паказу мастакі ўпершыню ўбачылі, як выглядаюць іх працы ў агульнай кампазіцыі. Эмоцыі ва ўсіх былі розныя.
"На адным і тым жа адрэзку экспазіцыі адна жанчына падышла і сказала: як выдатна вісіць мая праца! А іншая падышла і сказала: але тут жа не музейнае асвятленне! Я сфармулявала для сябе фразу: "Скаргі аб нізкім узроўні работ і дрэнную развеску не прымаем", - распавядае Вольга і дэманструе - гэтую фразу яна для сябе запісала, настолькі зручнай яна апынулася.
Стварэнне экспазіцыі - на самай справе, адна з самых складаных задач, з якой сутыкаецца куратар выставы.
"Работ вельмі шмат, яны ўсе розныя, і ў самыя кароткія тэрміны іх трэба размясціць у экспазіцыі, каб кожная была бачная. Тры гады запар мы звяртаемся да дапамогі студэнтаў Акадэміі мастацтваў. Стварэнне экспазіцыі - гэта майстэрства. Трэба валодаць асновамі кампазіцыі, каб кожная праца глядзелася добра. Неяк мне давялося павесіць некалькі работ на хуткую руку, і гэта было жудасна. Толькі ў той момант я ўсвядоміла, што стварэнне экспазіцыі - гэта вялікае мастацтва", - тлумачыць Вольга.
Любімчыкаў сярод удзельнікаў, нават пастаянных, у яе не з'явілася. Але вось некаторыя працы яна была б рада ўбачыць у сваёй калекцыі.
"Мне трапіліся на вочы некалькі работ, якімі я б хацела валодаць", - прызнаецца Вольга.
Глядзіце на відэа кароткую замалёўку пра адкрыццё выставы.