МІНСК, 16 сак - Sputnik. Расія закрывае межы з Беларуссю для перамяшчэння людзей, адпаведную заяву зрабіў прэм'ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін.
Кіраўнік расійскага кабінета міністраў распавёў, што межы зачыняюцца "паслядоўна, у залежнасці ад развіцця пандэміі. Спачатку гэтая мера закранула Кітай і іншыя краіны Азіі, дзе з'явіўся каронавірус. Затым былі ўведзеныя абмежаванні авіязносін з краінамі Еўрасаюза, прыпынены ўезд замежнікаў праз мяжу з Польшчай, Нарвегіяй, адменена чыгуначныя зносіны з Латвіяй, Малдовай, Украінай.
"Мы таксама прынялі рашэнне аб закрыцці мяжы з Беларуссю для перамяшчэння людзей, зрабілі шэраг іншых папераджальных крокаў", - сказаў Мішусцін.
Ён прыняў рашэнне асабіста ўзначаліць каардынацыйны савет па барацьбе з распаўсюджваннем каронавіруса, апроч яго ў працы савета будуць задзейнічаны дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў, губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб'ёў, мэр Масквы Сяргей Сабянін, намеснік старшыні ўрада Таццяна Голікава.
З аўторка, 17 сакавіка, па распараджэнні кіраўніка расійскага Кабміна на мытні будзе арганізаваны так званы зялёны калідор для тавараў першай неабходнасці.
Міхаіл Мішусцін на выхадных двойчы абмяркоўваў праблему каронавіруса з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам. У першы раз яны стэлефаноўваліся у суботу - тады было закранута некалькі тэм, уключаючы інтэграцыйныя працэсы. Другі раз кіраўнік расійскага Кабміна тэлефанаваў беларускаму калегу ў нядзелю: ён праінфармаваў Румаса аб новых мерах, якія маюць намер прыняць у РФ, каб не дапусціць распаўсюджвання COVID-19. Акрамя таго, гаворка ішла аб забеспячэнні транзіту людзей і грузаў.