МІНСК, 22 сак - Sputnik. Клінічныя выпрабаванні вакцыны супраць каронавіруса новага тыпу пачаліся ў Кітаі, паведамляюць мясцовыя СМІ.
Пачатак тэсціравання вакцыны супраць COVID-2019 пакуль не пацверджаны афіцыйна, аднак газета "21 Шыцзі Цзінцзі Баадаа" са спасылкай на крыніцы інфармуе, што клінічныя выпрабаванні на людзях праходзяць ужо тыдзень.
Паведамляецца, што ў выпрабаваннях удзельнічаюць больш за сотню добраахвотнікаў, якіх падзялілі на тры групы. Падыспытныя з першай групы будуць атрымліваць нізкую дозу вакцыны, з другой - сярэднюю, з трэцяй - высокую дозу. Мяркуецца, што клінічныя выпрабаванні будуць доўжыцца з 16 сакавіка па 31 снежня.
Першая фаза, удакладняе газета "21 Шыцзі Цзінцзі Баадаа", ужо пачалася: вакцыну ўвялі некаторай колькасці добраахвотнікаў. Вядома таксама, што падыспытным трэба будзе правесці два тыдні ў каранціне пад пастаянным наглядам медыкаў, пасля чаго іх стануць рэгулярна абследаваць на працягу паўгода.
Навукоўцы маюць намер выявіць праявы пабочных эфектаў, а таксама высветліць, ці не ўтвараюцца ў арганізме ўдзельнікаў спецыфічныя антыцелы супраць S-бялку каронавіруса.
Нагадаем, у пачатку тыдня стала вядома, што і амерыканскія навукоўцы пачалі клінічныя выпрабаванні вакцыны ад каронавіруса на добраахвотніках: так, першую ін'екцыю эксперыментальнага прэпарата ўвялі 16 сакавіка ўдзельніку выпрабаванняў, які працуе менеджарам у невялікай тэхналагічнай кампаніі. Распрацоўкай вакцыны занятыя і расійскія вучоныя.