МІНСК, 24 сак - Sputnik. Школьныя лагеры будуць працаваць на вясновых канікулах, паведамілі ў аўторак у прэс-службе Міністэрства адукацыі Беларусі.
Вясновыя канікулы пачнуцца ў беларускіх школьнікаў у наступны панядзелак - 30 сакавіка.
"Ва ўстановах адукацыі будуць працаваць дзіцячыя лагеры. Бацькі могуць падаць заявы ва ўстаноўленым парадку", - паведамілі ў Мінадукацыі.
Як дадалі ў міністэрстве, праграма знаходжання "распрацоўваецца індывідуальна ў кожнай навучальнай установе з улікам усіх санітарна-прафілактычных мерапрыемстваў і рэкамендацый санэпідслужбы і Міністэрства аховы здароўя".
Беларусь, у адрозненне ад большасці краін Еўропы, не ўвяла абмежаванняў на працу ўстаноў адукацыі. У іншых дзяржавах школы перайшлі на дыстанцыйнае навучанне, альбо ж аб'яўляецца каранцін або падаўжаюцца канікулы.
Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі, што для абвяшчэння каранціну ва ўстановах адукацыі падстаў няма. У Міністэрстве аховы здароўя падкрэсліваюць: сітуацыя кантралюемая.